Сэрвісы

Мерапрыемства, прысвечаныя 80-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча

    Адкрываючы вечар памяці У. Караткевіча дэкан філалагічнага факультэта прафесар І.С. Роўда падкрэсліў, што сапраўдную сутнасць папулярнасці творчасці вядомага аўтара, як і кожнага іншага сур"ёзнага пісьменніка, можна вытлумачыць самым істотным фактарам - тым, што яго творчасць адпавядае самым надзённым і важным запатрабаванням сённяшняга дня, а яго шматлікія творы займаюць асаблівае і ганаровае месца ў нацыянальнай літаратуры і карыстаюцца сапраўдным прызнаннем чытачоў.

     Загадчык кафедры тэорыі літаратуры прафесар В.П. Рагойша сваё выступленне-успамін пра сябра і паплечніка па літаратуры пачаў з цытавання верша У. Караткевіча "На Беларусі Бог жыве...", падкрэсліўшы пры гэтым, што сацыяльна-маральны пафас твораў У. Караткевіча надзвычай высокі і служыць непарыўнасці духоўна-гістарычных сувязей сучаснасці і мінулага -таго мінулага, якое дае ўрок справядлівасці і высакародства, вернасці высокім ідэалам жыцця. У канцы свайго выступлення В.П. Рагойша прыгадаў той факт, што У. Караткевіч быў цесна звязаны з філалагічным факультэтам, цікавіўся  пытаннямі навукі пра літаратуру, разумеў высокую місію беларускай літаратуры у фарміраванні грамадзянскага вобліку сучасніка, яе здольнасць непасрэдна ўводзіць чалавека ў духоўную і маральную атмасферу сучаснага яму грамадства.

     Загадчык кафедры беларускай літаратуры і культуры прафесар Т. І. Шамякіна пазнаёміла прысутных з адказамі У. Караткевіча на пытанні анкеты, дасланай яму яшчэ ў сямідзясятыя гады ХХ стагоддзя, якія сёння пераканаўча сведчаць, што пісьменнік прыйшоў ў беларускую літаратуру з усведамленнем сваёй місіі -- як можна больш ведаць і расказаць пра Беларусь. Уласныя прызнанні  пісьменніка, якія з"яўляюцца сёння каштоўным архіўным матэрыялам, выразна раскрываюць сапраўдную сутнасць папулярнасці творчасці У. Караткевіча, сведчаць аб выразнасці яго адносін да свету і бескампраміснай адданасці высокамаральным ідэалам жыцця.

     У другой частцы ўрачыстай вечарыны, прысвечанай юбілею У. Караткевіча, выступілі ўдзельнікі мастацкага калектыву Белдзяржуніверсітэта "Тутэйшая шляхта", а таксама прагучала музычна-літаратурная кампазіцыя "На ўсё жыццё мне засталася песня...", у якой прынялі ўдзел прыхільнікі творчасці пісьменніка, студэнты філалагічнага і геаграфічнага факультэтаў, а таксама супрацоўнікі фундаментальнай бібліятэкі БДУ. На заканчэнні Ўрачыстай вечарыны адбыўся прагляд дакументальнай стужкі "Свет Караткевіча"(2010).     

Image

Рэсурсы

Image
Image
Наш сайт использует файлы cookie

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики. Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.