Сэрвісы

Навуковыя чытанні, прысвечаныя 90- годдзю з дня нараджэння Івана Шамякіна

  Даследчык творчасці І. Шамякіна, вядомы пісьменнік і літаратуразнавец акадэмік НАН Беларусі У.В. Гніламёдаў у сваім выступленні "Іван Шамякін - пісьменнік дзвюх эпох" падкрэсліў, што менавіта з прыходам у літаратуру І. Шамякіна зараджаліся новыя тэндэнцыі мастацкага развіцця, а на фоне тагачаснай літаратуры, якая імкнулася да ўзнёслага апісання жыцця, па-асабліваму выглядаў першы раман І. Шамякіна "Глыбокая плынь". Жыццё ўвходзіла ў мастацкія творы ў сваім рэальным абліччы і асэнсоўвалася з ідэйных пазіцый новага часу, само ўплывала на мастацкасць твораў, падказваючы больш дакладную лінію ў развіцці вобразаў і сюжэтных калізій, патрабуючы наватарскіх пошукаў у галіне формы, адзначыў даследчык.

     У грунтоўным дакладзе "Раман "Крыніцы": гісторыя пераапрацоўкі і ацэнкі крытыкі" пра раман І. Шамякіна "Крыніцы" член-карэспандэнт НАН Беларусі М.І. Мушынскі прыйшоў да высновы, што паказ чалавека ў пэўнай грамадскай дзейнасці станавіўся надзвычай важным момантам літаратурнай творчасці, патлумачыўшы, што некаторую абмежаванасць галоўнага героя рамана І. Шамякіна "Крыніцы" Лемяшэвіча менш за ўсё варта адносіць да недахопаў і аўтарскіх пралікаў. У названым творы паказваюцца аб"ектыўныя грамадзянскія магчымасці перадавога сучасніка тых гадоў і тагачасная крытыка павінна была гэта ўлічваць.

    Загадчык кафедры тэорыі літаратуры філалагічнага факультэта прафесар В.П. Рагойша падзяліўся ўласнымі ўспамінамі пра сустрэчы з І. Шамякіным ("Сустрэча з Шамякіным"), падкрэсліўшы яго чалавечнасць, спагаду да маладзейшых творцаў, заўсёднае імкненне дапамагаць ў жыцці і творчасці. Адносна твораў І. Шамякіна даследчык заўважыў, што пісьменнік звяртаўся да падзей рознага гістарычнага перыяду, паступова ўсё больш рашуча набліжаючыся да сучаснасці.

     Даследчык творчасці І. Шамякіна прафесар М.А. Тычына ў сваім выступленні "Пісьменнік і час" зазначыў, што бясспрэчная заслуга пісьменніка ў тым, што ён паказаў свайго героя не ідэалізавана, а ў дакладна абумоўленай залежнасці ад абставін і часу, у цікавасці самога аўтара да "звычайных" праяў жыцця.

    У навуковых чытаннях, прысвечаных дзевяностагадоваму юбілею І. Шамякіна, прынялі ўдзел вядомыя даследчыкі творчасці пісьменніка, супрацоўнікі аддзела тэксталогіі НАН Беларусі, выкладчыкі кафедры беларускай літаратуры і культуры, студэнты філалагічнага факультэта. Студэнты першага курса беларускага аддзялення пазнаёмілі прысутных з "нечаканымі" творамі І. Шамякіна: вершамі перыяду Вялікай Айчыннай вайны "Маці" і "Беларусь", якія незадоўга да сустрэчы пабачылі свет на старонках рэспубліканскага друку.

     Вяла сустрэчу загадчык кафедры беларускай літаратуры і культуры прафесар Т.І. Шамякіна, дачка пісьменніка. Яна прапанавала прысутным камп"ютэрную прэзентацыю рэдкіх фотаздымкаў з уласнага архіва, а таксама падзялілася ўспамінамі пра бацьку.

Image

Рэсурсы

Image
Image
Наш сайт использует файлы cookie

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики. Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.