Сэрвісы

Навуковыя чытанні, прысвечаныя 90-годдзю з дня нараджэння Івана Паўлавіча Мележа

З дакладам "Жыццёвы і творчы шлях Івана Мележа" на мележаўскіх навуковых чытаннях выступіў прафесар кафедры беларускай літаратуры і культуры А.І. Бельскі. У грунтоўным даследаванні жыцця і творчасці пісьменніка ён засяродзіў ўвагу на раманах "Людзі на балоце" і "Подых навальніцы", за якія аўтару ў 1972 годзе была прысуджана Ленінская прэмія, прааналізаваў шляхі духоўнага абуджэння селяніна, галоўнага героя твораў, які падымаўся з прыгнечанага становішча і рос як чалавек і асоба.

Старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мовы і літаратуры НАН Беларусі З. У. Драздова прапанавала прысутным даклад на тэму "Станоўча-прыгожы чалавек" ў раманах "Людзі на балоце" І. Мележа і "Ціхі Дон" М. Шолахава", падкрэсліўшы ў сваім выступленні актуальнасць тыпалагічна-параўнальнага вывучэння творчасці пісьменнікаў. Даследчыца адзначыла, што ў сваіх творах эпапейнага характару творцам ўдалося ўваскрасіць лепшыя традыцыі сусветнай прозы: бытавую дакладнасць, глыбокі псіхалагізм, гуманістычныю накіраванасць, сапраўдную аналітычнасць.

Дацэнт кафедры беларускай літаратуры і культуры А.Л. Верабей у сваім выступленні падкрэсліў, што І. Мележ глыбока пранікнуў у самую сутнасць псіхалагічна-сацыяльнай плыні жыцця складанага гістарычнага перыяду, а сам змест мележаўскіх твораў падняты да вышынь вялікага філасофскага абагульнення.

Дацэнт кафедры тэорыі літаратуры М.П. Кенька ў дакладзе "Няздзейснены дыскурс І. Мележа" засяродзіў ўвагу на праблеме, звязанай з незавершанасцю "Палескай хронікі". У раманах І. Мележа, адзначыў даслелчык, са здзіўляючай гістарычнай дакладнасцю паказаны псіхалагічна цяжкі пераход беларускага сялянства да новага жыцця, перабудова вясковага жыцця на новых сацыяльных і палітычныхасновах праходзіла надзвычай складана, і пісьменнік чуйна рэагаваў на праявы грамадскага жыцця.

Дацэнт кафедры педагогікі Н.Б. Рашэтнікава ў дакладзе "Творчасць І. Мележа ў школе" спынілася на праблеме вывучэння творчасці класікаў беларускай літаратуры ў рамках школьнай праграмы. Лёс герояў твораў І. Мележа, І. Шамякіна, А. Макаёнка і інш. цікавы для школьнай аўдыторыі, бо менавіта ў творчасці гэтых аўтараў паказана, як у складанай барацьбе за новыя формы жыцця зараджаліся новыя рысы маралі, якія ляглі ў аснову светаадчування людзей новых пакаленняў, адзначыла даследчыца.

У дыскусіі па праблемах трактоўкі асноўнага зместу і галоўных вобразаў "Палескай хронікі" прынялі ўдзел прафесар кафедры беларускай літаратуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы І.В. Жук, дацэнт кафедры беларускай літаратуры і культуры Белдзяржуніверсітэта У.А. Навумовіч, акадэмічныя вучоныя, госці навуковых чытанняў.

Загадчык кафедры беларускай літаратуры прафесар Т.І. Шамякіна, якая і вяла ўрачыстае пасяджэнне, падзялілася ўласнымі ўспамінамі пра І. Мележа, прыгадаўшы даўняе працяглае сяброўства пісьменніка з яе бацькам І. Шамякіным, а таксама прапанавала прысутным камп"ютэрную прэзентацыю рэдкіх фотаздымкаў І. Мележа з яе ўласнага хатняга архіва.

Усе ўдзельнікі юбілейных навуковых чытанняў маглі пазнаёміцца з кнігамі І. Мележа, даследаваннямі па яго творчасці, рэдкімі выданнямі, якія былі прадстаўлены на кніжнай выставе, арганізаванай сіламі супрацоўнікаў бібліятэкі філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта.

У навуковых чытаннях, прысвечаных 90-годдзю з дня нараджэння І. Мележа прынялі актыўны ўдзел студэнты ІV курса беларускага аддзялення, якія з вялікім натхненнем прачыталі ўрыўкі з твораў пісьменніка.

Image

Рэсурсы

Image
Image