Сэрвісы

Патрыятычна-асветніцкая акцыя "Вязынка-2011"

Да 90-годдзя нашай слаўнай Alma Mater была прымеркавана сёлетняя патрыятычна-асветніцкая акцыя "Вязынка-2011".

 

"Многая лета" нашаму ўніверсітэту з нагоды юбілею пажадалі ўдзельнікі хора Інстытута тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла БДУ, а таксама выкладчыкі і студэнты самых розных факультэтаў БДУ, якія на Дні філфака па традыцыі завіталі ў Вязынку.

Гонар адкрыць урачыстую маёўку мелі дэкан філалагічнага факультэта прафесар І. С. Роўда, прарэктар БДУ У. В. Рагаўцоў і старшыня міжнарод­нага фонда імя Янкі Купалы, вядучы купалазнаўца, прафесар В. П. Рагойша.

На малой радзіме народнага паэта Беларусі ў выкананні студэнтаў філалагічнага факультэта БДУ Аксаны Ючкавіч, Рамана Латушкі, Валера Прычынца гучалі вершы Песняра.

Аздобілі свята народны спеў у выкананні салісткі фольк-медыя гурта "Неруш", студэнткі філфака Дар'і Залесскай і аўтэнтычны галасны спеў салісткі фальклорнага ўзорнага народнага калектыву "Дударыкі", студэнткі філалагічнага факультэта Ганны Ковель, якая зачаравала ўсіх гасцей сваёй майстэрскай ігрой на дудачцы (адзначым, у арсенале дзяўчыны яшчэ такія цікавыя "музычныя" інструменты як піла і каса).

Свой першы пяцігадовы юбілей адзначыў падчас свята нязменны ўдзельнік акцыі фальклорна-этнаграфічны гурт "Багач", які нарадзіўся на філфаку пад кіраўніцтвам прафесара І.В. Казаковай. Нашыя віншаванні творчай сябрыне!

На паэтычнае спатканне ў Вязынцы прыйшлі ўдзельнікі літаратурнага гуртка "Альтанка" - маладыя таленавітыя паэты студэнты філалагічнага факультэта Аксана Ючкавіч, Максім Баравік, Настасся Буйко, Вольга Сауленка, Валерыя Пучыла, Ганна Кавалёва. Літаратурны гурток "Альтанка" працуе на філалагічным факультэце ўжо трэці год. Альтанка - гэта месца сустрэч паэтычных талентаў. "У Альтанцы царуе дух творчасці, сяброўства, падтрымкі і высокай пашаны да Слова. Тут жыва адчуваецца повязь з класікай - з традыцыямі Францыска Скарыны, Адама Міцкевіча, Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Уладзіміра Караткевіча. Мы вучымся ў іх шанаваць і любіць роднае слова, родную зямлю, а таксама Праўду, Справядлівасць, Красу і Свабоду творчага самавыяўлення. А таксама шукаем новыя, сугучныя сучаснасці, магчымасці паэтычнага слова. Альтанка таксама працягвае творчыя традыцыі "Узлёту" - папярэдняга літаратурнага аб'яднання маладых талентаў, якім кіраваў незабыўны Алег Антонавіч Лойка" - распавяла кіраўнік гуртка, дацэнт філалагічнага факультэта, паэтэса Ірына Багдановіч. Запрашаем у Альтанку ўсіх, у чыёй душы нараджаюцца і спрабуюць выліцца на паперу паэтычныя радкі.

У БДУ навучаецца шмат замежных студэнтаў. І кожны год яны дэмантсруюць нам сваё майстэрства ў выкананні беларускіх песень. Сёлета нас радавалі сваёй спеўнай беларускай мовай студэнты першага курса філфака Білікэ Саймэйці і Цянь Іцюнь. Знайшлося на свяце месца і аўтарскай песні ў выканні Ірыны Прычынец. Традыцыйна ўдзельнікамі святочнай імпрэзы сталі таленавітыя навучэнцы юркаледжа Саша Трушаль, Лідзія Галавачэнка, Алена Амельчанка, Ганна Жолудзева і Ганна Лемяшэўская.

Сёлетняя Вязынка стала сапраўдным падарункам для тых, хто паважае гісторыю і памятае сваіх слаўных продкаў. Паказальны рыцарскі бой у рэканструкцыйных сярэднявечных даспехах прадэманстравалі гасцям "Вязынкі - 2011" рыцары найстарэйшага ў Беларусі ваенна-гістарычнага аб'яднання "Ордэн Храма". Гэта было сапраўднае ўзнаўленне рыцарскага турніру, калі воіны біліся на мячах за прыхільнасць чароўнай дамы.

Пасля ўскладання кветак да помніка Янку Купалу ўсе ўдзельнікі святочнага канцэрта рушылі на гару Парнас, дзе іх чакалі паказальныя рыцарскія баі, сярэднявечны цір, бардаўскі канцэрт, турыстычная сцяжынка і, канешне, каша ад рэктара і пенальці дэкану. Свята ўдалося на славу!

{gallery}2011-06-08{/gallery}

Image

Рэсурсы

Image
Image