Сэрвісы

Творчая сустрэча з прафесарам А.І. Яновіч

29 лістапада  ў рамках прэзентацыі выдавецкай серыі “Моваведы Беларусі” Савет маладых вучоных філалагічнага факультэта БДУ і дацэнт кафедры сучаснай беларускай мовы С. А. Важнік (навуковы рэдактар серыі) арганізавалі творчую сустрэчу з аўтарам тома “Выбраныя працы” доктарам філалагічных навук, прафесарам А. І. Яновіч. 

Шматгадовая плённая навукова-педагагічная праца выпускніцы МДУ імя М. Ламаносава звязана з філалагічным факультэтам БДУ і была адзначана медалём Францыска Скарыны, нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”, званнем “Заслужаны работнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта”. Цёплая атмасфера мовазнаўчай гасцёўні, куды завіталі калегі і вучні Алены Іванаўны сведчыць пра непарыўную сувязь філолагаў усіх пакаленняў. Па словах намесніка дэкана філфака БДУ Сяргея Важніка, які вядзе вялікую навукова-арганізацыйную работу на факультэце, такія сустрэчы вельмі патрэбныя, карысныя для маладых даследчыкаў, бо аўтары “Выбраных прац” – гэта ўзор служэння навуцы і Alma Mater, гэта пачынальнікі і стваральнікі беларускай мовазнаўчай школы. Нашыя студэнты часцей ведаюць даробак замежных лінгвістаў і, на жаль, дрэнна ведаюць працы айчынных моваведаў. “Заўсёды трэба пачынаць са свайго, – падкрэсліў С. А. Важнік, – а серыя “Моваведы Беларусі”, заснаваная ў 2006 годзе, якраз і дазваляе знаёміць шырокае кола будучых спецыялістаў ў галіне лінгвістыкі з дасягненнямі нацыянальнай філалагічнай навукі”. За пяць год існавання серыі выдадзена пяць тамоў “Выбраных прац” А. Я. Міхневіча, Н. Б. Мячкоўскай, В. У. Мартынава, С. М. Прохаравай і А. І. Яновіч, што сведчыць пра шырыню тэматыкі беларусазнаўчых даследаванняў, шматвектарнасць і шматаспектнасць беларускага мовазнаўства. Падрыхтаваныя да друку і, спадзяемся, хутка ўбачаць свет “Выбраныя працы” прафесараў У. А. Карпава, Л. І. Бурака, Г. А. Цыхуна і А. Я. Міхневіча.

{gallery}2011-12-07{/gallery}

На першым фотаздымку ўдзельнікі прэзентацыі (злева направа): загадчык кафедры гісторыі беларускай мовы праф. Прыгодзіч М. Р., загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры дац. Казакова Т. П., праф. Паўлоўская Н. Ю., к. ф. н. Зуева В. У. , праф. Яновіч А. І. 

Image

Рэсурсы

Image
Image