Творчасць класікаў – бязмежны сусвет, заўсёды прыцягальны таямнічасцю, непаўторнасцю, арыгінальнасцю, самабытнасцю…
У гонар 120-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча на філалагічным факультэце БДУ 13 снежня 2011 г. праведзены навуковыя чытанні. Адкрыў мерапрыемства намеснік дэкана С.А. Важнік. Музыкай і песнямі прывіталі ўдзельнікаў і гасцей чытанняў студэнты філфака: выступіў фальклорна-этнаграфічны гурт “Багач”, а Ганна Кевель, студэнтка ІІІ курса аддзялення “Беларуская філалогія”, выканала мелодыю на дудцы.
Навуковая частка чытанняў уключала ў сябе чатыры выступленні.
Загадчык кафедры тэорыі літаратуры, прафесар В.П. Рагойша, аўтар больш тысячы публікацый, сярод якіх вялікае месца займаюць артыкулы і кнігі, прысвечаныя творчасці М. Багдановіча, выступіў з дакладам “Перакладчыцкая дзейнасць М. Багдановіча”. Ён расказаў пра невядомыя многім або малавядомыя факты з біяграфіі паэта (на аснове архіўных матэрыялаў). Перакладчыцкая дзейнасць класіка была прааналізавана па ўсіх аспектах: разгледжаны прычыны звароту творцы да перакладу, функцыі яго перакладаў, сярод якіх дзве галоўныя – літаратуратворчая і культураахоўная (нацыяахоўная), раскрыта значэнне дзейнасці М. Багдановіча для далейшага развіцця беларускай літаратуры ў цэлым і беларускага перакладу ў прыватнасці.
Наступным выступіў дацэнт кафедры беларускай літаратуры і культуры У.А. Навумовіч (тэма даклада “Максім Багдановіч – заснавальнік верлібра”). Выступленне было вобразным і пранікнёным. Прысутныя пачулі радкі з паэтычных шэдэўраў М. Багдановіча ў іх новай інтэрпрэтацыі, звязанай з сённяшнім жыццём, духоўнымі каштоўнасцямі, якія неабходна берагчы.
Дацэнт кафедры беларускай літаратуры і культуры А.Л. Верабей падрабязна разгледзеў уплыў асобы М. Багдановіча і яго творчасці на Уладзіміра Караткевіча, прасачыў, што збліжае абодвух творцаў, і шматаспектна раскрыў захопленасць У. Караткевіча творчасцю М. Багдановіча, што выявілася не толькі ў яго мастацкіх творах, але і ў літаратуразнаўчых артыкулах.
Напрыканцы навуковых чытанняў выступіла загадчык кафедры беларускай літаратуры і культуры прафесар Т.І. Шамякіна, якая была і вядучай гэтага мерапрыемства. Яе даклад “Міфалагічныя сюжэты, матывы і вобразы ў творчасці М. Багдановіча” вызначаўся навізной зместу і арыгінальнасцю даследчага падыходу, глыбокім пранікненнем у архетыповыя асновы творчасці класіка.
{gallery}2011-12-16{/gallery}


BY 
