Філалагічны факультэт БДУ заўсёды быў багаты на зорак усіх велічынь, і студэнты факультэта вырашылі яшчэ раз пацвердзіць гэтую аксіёму. 17 снежня тут прайшоў Калядны дабрачынны баль-маскарад, які ўразіў усіх прысутных сваёй задумай і атмасферай. Ідэйным натхніцелем і галоўным арганізатарам стала першы старшыня Студсаюза філфака Мая Бачкарова: “Першапачаткова нам проста хацелася адсвяткаваць надыходзячыя Каляды і Новы год у сям’і Студэнцкага саюза філалагічнага факультэта і падзяліцца гэтай атмасферай з нашымі дзецьмі з Асіповіцкай дзіцячай школы-інтэрната № 1, выдаткаваўшы дабрачынныя ўнёскі за запрашальныя білеты на падарункі менавіта гэтым дзеткам. І я вельмі рада што ідэя была падтрымана нашым паважаным дэканатам”.
Ідэя ўвасобілася, толькі кола гасцей трохі пашырылася: студэнты філалагічнага факультэта БДУ са сваімі парамі, дэкан Іван Сямёнавіч Роўда, намеснік дэкана Сяргей Аляксандравіч Важнік, спевакі Антон Мартынаў (гістфак), Вольга Кірлік, Юлія Погосова, Вольга Павлюкевіч, Ганна Кавалёва і Наталля Ключнік (філфак) – вось толькі кароткі спіс зорак БДУ, якія выступілі на балі. Пацешылі арганізатары балю і танцавальнымі нумарамі: баль адкрываўся падэграсам, у якім былі задзейнічаны ўсе пары балю, цудоўны вальс яго працягнуў… І, спадзяюся, ніхто не забыўся на “лялечку” і яе цудоўнага партнёра.
Вялізны дзякуй арганізатарам за праведзенае мерапрыемства і за чароўную атмасферу Святаў. Будзем спадзявацца, што Калядны дабрачынны баль-маскарад працягне спіс новых традыцый філалагічнага факультэта, створаных Студэнцкім саюзам філалагічнага факультэта.
{gallery}2011-12-26{/gallery}


BY 
