19 сакавіка ў актавай зале філалагічнага факультэта БДУ хлопцы змагаліся за тытул самага мужнага. Усяго было пяць канкурсантаў, кожны з якіх знайшоў свой спосаб здзівіць гледачоў. Складана сказаць, хто хваляваўся больш: групы падтрымкі або будучыя “Містэры”. Да пачатку конкурсу прэтэндэнты спакойна гулялі па зале, віталі гледачоў.
Першым спаборніцтвам была відэавізітка. Хлопцы імкнуліся паказаць сябе як рознабаковую асобу, распавялі пра свае інтарэсы. Наступнае заданне добра знаёма кожнаму студэнту. За кароткі прамежак часу ўдзельнікам трэба было ўстаць з імправізаванага ложка, пачысціць бульбу, зрабіць 10 прысяданняў і выканаць невялічкае заданне па літаратуры – прачытаць верш (канкурсанты чыталі вершы на той мове, якую яны вывучаюць: рускай, беларускай, чэшскай, славацкай, балгарскай). Заключным этапам мерапрыемства быў творчы конкурс. Кожны хлопец падышоў да выканання задання крэатыўна, выкарыстоўваючы самыя яркія бакі свайго таленту. Ілья Паўтарацкі выканаў чароўны танец пад цудоўную песню Moby “Lift me up”. Ілья Конеў здзівіў прамовай, прысвечанай студэнцтву. Думаю, яго заклік “Давайце заўсёды заставацца студэнтамі ў душы” спадабаўся кожнаму. Аляксандр Радзюк запомніўся гледачам выкананнем юмарыстычнай песні пра студэнта. Не менш цікавымі былі выступленні Сяргея Шаўцова, які агучыў верш Андрэя Хадановіча “Беларускі мужчына”, і Уладзіслава Чыжыкава, які выканаў цудоўнейшую кампазіцыю “Le Temps Des Cathedrales”. Пакуль журы выконвала сваю нялёгкую працу, вядучыя падвялі вынікі глядацкага конкурсу чатырохрадкоўяў. Варта адзначыць, што не абышлося і без прызнанняў у каханні.
І вось доўгачаканыя вынікі. У намінацыях “Лепшае відэа” і “Прыз глядацкіх сімпатый” самым моцным прызналі Ілью Паўтарацкага. Лепшы творчы нумар, на думку журы, быў у Сяргея Шаўцова. ІльяКонеў перамог у намінацыі “Ідэальны мужчына”, а Аляксандр Радзюк– у намінацыі “Лепшае дэфіле”.
Уладальнікам ганаровага тытула “Містэр філфак”стаў Уладзіслаў Чыжыкаў!
Мора ўсмешак, віншаванняў, спецыяльныя падарункі ад кампаніі МТС і Bowling House - гэта і многае іншае атрымалі ва ўзнагароду ўдзельнікі конкурсу.
{gallery}2012-04-05{/gallery}


BY 
