Сэрвісы

Патрыятычна-асветніцкая акцыя “Вязынка-2012”

 

12 мая 2012 года а 12-й гадзіне  адбылося самае доўгачаканае мерапрыемства – патрыятычна-асветніцкая акцыя “Вязынка-2012”. Традыцыя правядзення злётаў на радзіме Янкі Купалы была закладзена студэнтамі і выкладчыкамі філалагічнага факультэта яшчэ ў далёкім 1976 годзе. Акцыя адрадзілася на пачатку ХХІ стагоддзя і паступова набыла статус агульнаўніверсітэцкай.

Сёлета “Вязынка-2012” была прымеркавана да знакавай падзеі – 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Свята складалася з дзвюх частак. Першая – святочны канцэрт, які распачалі ўдзельнікі хору “Gloria” Архікафедральнага касцёла імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Сваімі песнямі парадавалі гледачоў магістрантка філалагічнага факультэта Дар’я Залесская, выпускніца філфака Маргарыта Грудзінава, студэнты Наталля Ключнік, Ганна Ковель, Уладзіслаў Чыжыкаў, Юлія Смалякова, Юлія Пагосава, навучэнка юркаледжа Аляксандра Трушаль. Паэты Янка Купала і Якуб Колас былі сапраўднымі рыцарамі-змагарамі, таму знакавым быў паказальны бой найстарэйшага рыцарскага клуба Беларусі “Ордэн Храма” (бой паміж месірам Торвальдам і месірам Готфры – ВКЛ), які не пакінуў ніводнага гледача раўнадушным.

Святочны канцэрт быў завершаны пасадкай мемарыяльных дубкоў у гонар Янкі Купалы і Якуба Коласа і ўрачыстым ускладаннем кветак да помніка Янку Купалу.

Другая частка свята – гара Парнас, дзе чакала смачная “Каша ад рэктара” і гарачы чай, “Пенальці дэкану і рэктару”, перацягванне каната, сярэдневяковы цір (стральба з лукаў і арбалетаў) і шмат-шмат іншага.

На самым пачатку канцэрта, калі збіраліся госці і ўдзельнікі акцыі, Вязынка сустрэла сваім ласкавым і яркім сонейкам.  Але ўжо ў сярэдзіне канцэрта пайшоў дожджык. Відаць, гэта не проста так?!  Гэта нібыта сам Купала даў нам знак, знак таго, што чуў нашы песні, чуў свае вершы і вершы свайго блізкага сябра Якуба Коласа ў выкананні студэнтаў філалагічнага факультэта.

У кожнага свой Купала… Для ўдзельнікаў патрыятычна-асветніцкай акцыі “Вязынка-2012” Купала, а дакладней  Купала і Колас,  – гэта Песняры, Прарокі, што сілай свайго паэтычнага таленту вызначаюць не толькі шляхі развіцця роднай мовы, літаратуры, культуры, фарміруюць нацыянальную свядомасць, увасабляюць нацыянальную ідэю, а таксама тыя, хто здольны, нават  у дажджлівае надвор’е, сабраць у Вязынцы вялікую колькасць людзей, гатовых гадзінамі цытаваць іх вершы, спяваць песні ў іх гонар,  зберагчы думкі пра іх і аддана захаваць у сэрцах да “Вязынкі-2013”!

{gallery}2012-05-22_1{/gallery}

Image

Рэсурсы

Image
Image
Наш сайт использует файлы cookie

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики. Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.