27–28 верасня2012 года на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылася VII Міжнародная навуковая канферэнцыя «Мова – літаратура – культура», прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, арганізаваная кафедрай беларускай літаратуры і культуры і кафедрай сучаснай беларускай мовы. Канферэнцыя аб’яднала каля 150 навукоўцаў з Беларусі, Украіны, Балгарыі, Польшчы, Германіі і Японіі.
У цырымоніі ўрачыстага адкрыцця прынялі ўдзел рэктар БДУ Сяргей Уладзіміравіч Абламейка, дэкан філалагічнага факультэта БДУ Іван Сямёнавіч Роўда, сын Якуба Коласа – Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч, супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Гасцей і ўдзельнікаў канферэнцыі вітаў фальклорна-этнаграфічны гурт «Багач» (мастацкі кіраўнік – д.ф.н. прафесар кафедры беларускай літаратуры і культуры І.В. Казакова). Студэнты філалагічнага факультэта пад кіраўніцтвам к.ф.н. дацэнта А.Л. Вераб’я (кафедра беларускай літаратуры і культуры) і к.ф.н. дацэнта Г.К. Чахоўскага (кафедра сучаснай беларускай мовы) усклалі кветкі на магілы Янкі Купалы і Якуба Коласа на Вайсковых могілках, а таксама да помнікаў класікаў на плошчы Якуба Коласа і ў скверы імя Янкі Купалы.
На Пленарным пасяджэнні выступілі д.ф.н. прафесар В.П. Рагойша («На ўздыме: творчасць Янкі Купалы 1926 года»), д.ф.н. прафесар В.В. Шур («Гідронім Нёман у творах Якуба Коласа»), д.ф.н. прафесар Г.К. Тычко і кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт К.І. Рэмішэўскі («Вобразы Янкі Купалы і Якуба Коласа ў беларускай даваеннай дакументалістыцы»), д.ф.н. прафесар Т.І. Шамякіна («Сучаснасць і беларуская літаратурная класіка»).
У межах VII Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Мова – літаратура – культура» прайшла работа наступных секцый:
- Мастацкі свет твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа;
- Аспекты моўных даследаванняў (семантыка, словаўтварэнне, граматыка, прагматыка, мова мастацкай літаратуры);
- Традыцыі класікаў у беларускай літаратуры;
- Беларуская культура і беларуская літаратурная класіка;
- Беларуская класіка ў сусветным кантэксце;
- Творы беларускіх класікаў у навучальных установах Беларусі;
- «Мова – літаратура – культура»ў работах маладых даследчыкаў.
Для ўдзельнікаў і гасцей канферэнцыі былі наладжаны экскурсіі ў кабінет-музей беларускай народнай культуры, кабінет беларускай філалогіі, Дзяржаўны літаратурны музей Петруся Броўкі, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, Нацыянальны дзяржаўны музей Рэспублікі Беларусь, экскурсія па Мінску і ўніверсітэцкім дворыку.
{gallery}2012-10-01{/gallery}


BY 
