Сэрвісы

“Візіткі першакурснікаў”

 

“Візіткі першакурснікаў” – гэта больш за 15 год на адной сцэне, дзясяткі каманд, сотні сцэнарыяў і тысячы гледачоў. Самыя яркія каманды, самыя адборныя жарты, самыя імпэтныя вядучыя – усё гэта “Візіткі першакурснікаў”.

Шмат гадоў запар гэтае мерапрыемства рыхтуюць вопытныя і актыўныя студэнты факультэта. Сёлета перад арганізатарамі паўстала сур’ёзнае заданне – зрабіць з “Візітак” не проста мерапрыемства, а сапраўдную феерыю. І варта адзначыць, што ў іх гэта атрымалася. Дзякуючы якаснай рэдактуры Уладзіслава Хадасевіча і Алены Галуза, сцэнарыі атрымаліся сапраўды выдатнымі. Намаганнямі выканаўчага дырэктара “Візітак” Тані Размысловіч удалося наладзіць кантакт не толькі з прадстаўнікамі студэнцкай прэсы, але і са спонсарамі і партнёрамі факультэта. І канешне ж, дзякуючы намаганням Марыны Фамічэнка (Марго), крэатыўнага дырэктара, “Візіткі” ператварыліся са звычайнага мерапрыемства ў яркае шоу.

Але ўсё ж такі галоўную атмасферу вечара стварылі самі ўдзельнікі. У гэтым годзе было як ніколі шмат цікавых і эмацыйных нумароў. Кожная з каманд мела сваю “фішку”. Каманда французскай філалогіі ўразіла ўсіх французскім рэпам і вакальнымі дадзенымі ўдзельніц. Англійская зборная запомнілася яркім пачаткам і энэргічным танцам. Таксама выдатна танчыла 6 руская група. Каманда нямецкай філалогіі прымусіла ўвесь зал апладзіраваць знятаму відэа-роліку. Але больш за ўсіх здзівіла гледачоў каманда паланістаў з 13 групы, якая прадставіла сваю гісторыю пра матрыярхат, а таксама 5 руская група з крымінальнай гісторыяй пра кнігалюбаў. Менавіта вакол гэтых дзвюх каманд і распаліліся ўсе спрэчкі журы адносна таго, хто стане лепшым у гэтым годзе.

Журы доўга спрачалася. У выніку пераможцам была названа 5 група рускай филалогіі. Іх песня “Скаваныя адным ланцугом” і радасныя воклічы яшчэ доўга гучалі на сцэне залы. Пераможцы атрымалі пераходны Кубак, а таксама вечную славу ў сценах факультэта. Акрамя таго, быў названы і лепшы куратар “Візітовак”. Ім стаў Ілля Палтарацкі, куратар 5 рускай групы. Ён, як і многія прадстаўнікі мужчынскай паловы ўдзельнікаў, атрымаў прыз ад кампаніі “Арыфлэйм”. А цудоўная “іспанка ў душы” з 6 групы, як і многія прадстаўніцы прыгожага полу філфака, атрымала падарунак ад кампаніі “GoshCosmetics”. Асобнага прызу ад Наталлі Морневай, выпускніцы факультэта, кіраўніка аддзелу продажаў групы кампаній “Белкантон”, быў удастоены імпазантны Кірыл Чычэліс. А Вольга Бабашова, студэнтка 5 групы, атрымала спецыяльны прыз ад Максіма Івашына, вядучага спецыяліста дэпартамента PRмабільнага аператара Life:). Прыемным бонусам для ўсіх каманд сталі торты ад БРСМ, якія ўручыў асабіста Іван Сямёнавіч Роўда.

“Візіткі – 2012” ужо ўвайшлі ў гісторыю, пакінуўшы яркі, незабыўны след. Неверагодную атмасферу, якая панавала ў зале, цяпер могуць перадаць толькі безліч фотаздымкаў, відэакадры і каментарыі гледачоў. Але што сапраўды не забудзецца ніколі? Гэта бясконцае мора пазітыву, новыя знаёмствы, сяброўства і GangnamStyle. «Візіткі» – гэта forever!

{gallery}2012-11-01{/gallery}

Image

Рэсурсы

Image
Image