Сэрвісы

II Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя маладых навукоўцаў “Мова і літаратура ў XXI стагоддзі: актуальныя аспекты даследавання”

22 сакавіка 2013 г. адбылася II Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя маладых навукоўцаў “Мова і літаратура ў XXI стагоддзі: актуальныя аспекты даследавання”, арганізаваная Саветам маладых вучоных філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Свае даклады прадставілі больш за 80 удзельнікаў з розных адукацыйных і навучальна-даследчых устаноў нашай краіны (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна, Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь, Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы, літаратуры” Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова, Мінская духоўная семінарыя, Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, Нацыянальны інстытут адукацыі, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, Расійскі дзяржаўны сацыяльны ўніверсітэт – філіял у Мінску, ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Мінска”, ДУА «Мала-Лапеніцкі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа”). Мерапрыемства выклікала цікавасць і ў замежных калег: у канферэнцыі прыняла вочны ўдзел прадстаўніца Кастанайскага філіяла Чалябінскага дзяржаўнага ўніверсітэта (Казахстан).

На адкрыцці канферэнцыі да ўдзельнікаў з віншавальным словам звярнуўся намеснік дэкана па навуковай рабоце кандыдат філалагічных навук дацэнт Павел Іванавіч Навойчык, які адзначыў значнасць дадзенага мерапрыемства, падкрэсліў ролю моладзі ў развіцці сучаснай навукі, а таксама даў яскравую характарыстыку вучонаму як своеасабліваму тыпу асобы, параўнаўшы яго са святаром: вучоны, як і святар, дзейнічае ў імя ідэі, часам насупраць абставінам, а не дзякуючы ім, але заўсёды прыходзіць да сваёй высокай мэты.

Значную колькасць удзельнікаў склалі не толькі магістранты, аспіранты і маладыя выкладчыкі, але і студэнты, нават малодшых курсаў. Безумоўна, падрыхтоўка дакладаў і абмеркаванне іх на пасяджэннях секцый сталі для іх першым вопытам навуковай камунікацыі.

На пленарным пасяджэнні з дакладамі выступілі: кандыдат філалагічных навук дацэнт Вольга Генрыхаўна Пракапчук – “ЛОГАС як лексічная адзінка, элемент перакладу і тэрмінаэлемент у рускай мове”; кандыдат філалагічных навук дацэнт Наталля Станіславаўна Касюк, метадыст навукова-метадычнай лабараторыі Наталля Станіславаўна Салагуб – “Выкарыстанне мультымедыйных сродкаў для прэзентацыі краіназнаўчага матэрыялу на занятках па рускай мове як замежнай”; кандыдат філалагічных навук старшы выкладчык Вольга Уладзіміраўна Зуева – “Да праблемы размежавання экспліцытнай і імпліцытнай ацэнкі ў старажытнарускай публіцыстыцы”; старшы выкладчык Вольга Пятроўна Крычко – “Старабеларуская літаратурная эпісталаграфія: станаўленне нацыянальнай традыцыі”. Даклады выклікалі жывую цікавасць удзельнікаў канферэнцыі.

У межах канферэнцыі працавала дзесяць секцый: “Тэарэтычная і функцыянальная граматыка”, “Пытанні сучаснай лексікалогіі і фразеалогіі”, “Моўная карціна свету, cацыяльная лінгвістыка і лінгвакультуралогія”, “Гісторыя моў і мовазнаўства”, “Узаемадзеянне моў і праблемы перакладу”, “Мова і стыль мастацкай літаратуры”, “Тэорыя літаратуры”, “Гісторыя літаратуры”, “Сучасны літаратурны працэс”, “Методыка выкладання мовы і літаратуры”. Тэматыка лінгвістычных дакладаў адлюстроўвае цікавасць маладых аўтараў як да вывучэння тэарэтычных пытанняў мовазнаўства, так і да даследавання сацыяльных, псіхалагічных, культуралагічных аспектаў маўленчай дзейнасці. Літаратуразнаўцы звяртаюцца да распрацоўкі праблем паэтыкі мастацкага твора, прапаноўваюць новыя інтэрпрэтацыі класічных твораў, спрабуюць асэнсаваць айчынны і сусветны літаратурны працэс пачатку XXI стагоддзя.

Старшыні секцый адзначылі праблемны характар і навізну дакладаў, добрае валоданне аўтарамі метадамі філалагічных даследаванняў, высокі ўзровень дыскусій.

II Рэспубліканская канферэнцыя маладых навукоўцаў “Мова і літаратура ў XXIстагоддзі: актуальныя аспекты даследавання” выявіла багаты патэнцыял нацыянальнай філалагічнай навукі. Канферэнцыя паспрыяла развіццю навуковай думкі ў сучаснай Беларусі, інтэграцыі беларускага даследчыцкага асяроддзя, заахвочванню маладых філолагаў да прафесійнай дзейнасці.

Па выніках канферэнцыі рыхтуецца зборнік навуковых артыкулаў.

{gallery}2013-03-27{/gallery}

Image

Рэсурсы

Image
Image
Наш сайт использует файлы cookie

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики. Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.