6 красавіка адбылася цырымонія ўрачыстага ўзнагароджання пераможцаў конкурсу творчых праектаў школьнікаў “Мая мова, мая культура, я”. У конкурсе прынялі ўдзел каля 1500 школьнікаў з усёй Беларусі. Журы – члены Савета маладых вучоных філалагічнага факультэта – на працягу месяца аналізавала праекты і пасля вялікай напружанай работы ўрэшце вызначыла пераможцаў. На філалагічны факультэт былі запрошаны аўтары найлепшых праектаў, іх настаўнікі-кіраўнікі і бацькі.
Гасцей цёпла павіншаваў дэкан факультэта прафесар І. С. Роўда. У сваім прывітальным слове дэкан адзначыў важнасць ўдзелу і тым больш перамогі ў такіх мерапрыемствах, распавёў пра факультэт і працу філолага ўвогуле.
Адбылася творая сустрэча пераможцаў з пісьменнікам Леанідам Дранько-Майсюком. Вядомы паэт, публіцыст, празаік гаварыў са школьнікамі пра творчасць і каханне, а таксама прачытаў некалькі сваіх вершаў, выклікаўшы авацыі ў залі.
Перад гасцямі з музычным падарункам выступіла Юлія Пагосава – тройчы лаурэат Фестывалю эстрады, пераможца конкурсу патрыятычнай песні, студэнтка філалагічнага факультэта.
Школьнікі атрымалі граматы і прызы, а іх настаўнікі – граматы-падзякі. Цырымонія прайшла ганарова і ў той жа час па-сяброўскіі сардэчна.
Савет маладых вучоных філалагічнага факультэта шчыра дзякуе ўсім удзельнікам конкурсу і іх настаўнікам. Такія мерапрыемствы яднаюць людзей, дазваляюць таленавітай моладзі раскрыцца, заявіць пра сябе, дапамагаюць вызначыцца з выбарам будучай прафесіі. Чакаем усіх, хто любіць слова і жадае зрабіць свет прыгажэйшым, на філалагічным факультэце!
{gallery}2013-04-12{/gallery}


BY 
