Сэрвісы

Візітоўкі -2013!

Крыху больш чым за два месяцы вучобы на філфаку новаспечаныя студэнты ўжо трохі асвоіліся. Яны паспелі вывучыць размяшчэнне аўдыторый на факультэце, прыгледзецца да выкладчыкаў і метадыстаў, паабжыцца ў філфакаўскай сталоўцы. А на «Візітоўках -2013» у “карапузаў” з'явілася магчымасць паказаць сябе «ва ўсёй красе» і падзяліцца ўражаннямі пра знаходжанне ў тым месцы, якое на ўсе пяць гадоў стане для іх родным домам. Цэлы месяц нашы першакурснікі пад кіраўніцтвам сваіх куратараў рыхтаваліся да гэтага адказнага мерапрыемства, каб члены журы і гледачы змаглі належным чынам ацаніць іх досціп і тонкі гумар. Вядучымі «Візітовак-2013» былі Уладзіслаў Чыжыкаў і Таццяна Раманкова.

Натхніўшыся сказанымі “на дарожку” словамі дэкана філалагічнага факультэта Івана Сямёнавіча Роўды, каманды-ўдзельніцы гатовы былі паказаць усё, на што здольныя. Першай прадэманстраваць свае таленты выпаў гонар восьмай англійскай групе, якая пераўвасобілася ў герояў кінафільма «Зорныя войны».

Пасля гэтага на сцэне з'явіліся студэнты шаснаццатай групы спецыяльнасці «Класічная філалогія», якія распавялі гледачам жахлівую гісторыю пра тое, як з філфака адлічылі адзінага хлопца.

А вось першая беларуская група вырашыла расказаць, як праходзіць дзень у студэнта-філолага.

Існуе меркаванне, што выпускнікам філфака вельмі цяжка знайсці годную працу па спецыяльнасці. Але дзясятая нямецкая група развеяла ўсе сумневы на гэты конт і даказала адваротнае.

Студэнты шостай групы аддзялення «Руская філалогія» раскрылі гледачам страшную таямніцу, што пасля паступлення на філфак ім прыйшлося забыцца аб хатняй ежы, аб паўнацэнным сне і аб існаванні слова «халява». Спадзяёмся, што кожны першакурснік  зможа пераканацца ў тым, што вучоба на філфаку вартая ўсіх гэтых «ахвяраў».

Дзявятая англійская група вырашыла прыняць удзел у інтэлектуальнай гульні «Адзін супраць усіх» і знайсці адказы на пытанні, якія цікавяць многіх студэнтаў філфака.

А вось хлопцы з дзевятнаццатай усходняй групы прадэманстравалі гледачам, як сапраўдныя джэнтльмены павінны заляцацца да дзяўчат. Дзяўчынкі і адзіны хлопчык з французскай групы на працягу ўсяго адведзенага ім часу знаходжання на сцэне займаліся пошукамі канспекта, без якога так цяжка абысціся не толькі першакурснікам, але і дасведчаным студэнтам.

Трынаццатая славянская група вырашыла не толькі падзяліцца сваімі ўражаннямі ад знаходжання на філфаку, але і даць некалькі карысных парад сваім калегам: як знайсці агульную мову з кава-аўтаматам, як змагацца з холадам і дзе лепш прайсці моўную практыку.

І, нарэшце, пятая руская група зладзіла аглядную экскурсію па студэнцкім інтэрнаце і распавяла пра тое, як трэба заўзець за БАТЭ і ўвесь беларускі футбол (пераняты вопыт Сяргея Аляксандравіча Важніка).

Пасля таго, як усе дзесяць груп прадставілі на суд гледачоў свае нумары, членам журы трэба было зрабіць нялёгкі выбар – вызначыць пераможцу. Пакуль строгія і непадкупныя суддзі абмяркоўвалі за кулісамі ўбачанае, самыя таленавітыя студэнты філалагічнага факультэта БДУ і Акадэміі МУС радавалі гледачоў творчымі нумарамі.

Калі члены журы выйшлі на сцэну і былі гатовыя абвясціць вынікі, публіка замерла ў чаканні. Вынікі атрымаліся наступнымі: трэцяе месца дасталося пятай рускай групе, на другім месцы апынулася дзясятая нямецкая, а пераможцам «Візітовак -2013» стала трынаццатая славянская група.

Шчыра віншуем славян з заслужанай перамогай!

{gallery}2013-11-13{/gallery}

 

Image

Рэсурсы

Image
Image
Наш сайт использует файлы cookie

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики. Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.