Усе мы розныя і зусім не падобныя адзін да аднаго. Кожны з нас мае сваю асаблівасць. Няма людзей ні на што не здатных. У кожнага ёсць магчымасць тварыць, рабіць свет лепшым і ярчэйшым!
Адны спяваюць, танцуюць дома пад любімы хіт, пішуць цудоўныя вершы і хаваюць іх у пыльную скрыню з “сакрэтамі”... Для іншых - гульня на публіку і выступы на сцэне з’яўляюцца звыклым рытмам жыцця. “ФІЛФАКТАР” – гэта выдатны шанец праявіць сябе і рэалізаваць свае мары для ўсіх без выключэння!
5 снежня на філалагічным факультэце прайшоў дабрачынны канцэрт-конкурс “ФІЛФАКТАР”. Самыя таленавітыя і творчыя студэнты філфака змагаліся за званне пераможцы. Усе сродкі, якія аргаізатары збіралі на гэтым мерапрыемстве, накіраваныя на навагоднія падарункі ў дзіцячую школу-інтэрнат г.п. Рудзенска.
Пакуль першакурснікі насцярожана адлічвалі дні да пачатку сваёй першай сесіі, актывісты ПА АА «БРСМ» філалагічнага факультэта праводзілі бясконцыя рэпетыцыі і ўдасканальвалі творчыя нумары 12 удзельнікаў. Зімовым вечарам чацвярга ўсе ахвотныя сабраліся ў актавай зале, каб падтрымаць выступоўцаў. Атмасферу свята стварала творчая студыя “MimBSU”. Госці весяліліся і з задавальненнем фатаграфаваліся з загрыміраванымі дзяўчатамі. Грацыёзнасць і непаўторнасць рухаў былі прадэманстраваны прафесійнымі танцорамі тэатра танца “Альтана” з БНТУ і танцавальнай групай з БДУІР. Бліскучыя жарты і выдатны гумар дарыла у гэты вечар каманда КВЗ «Вячэрні Мінск». Таксама сваім выступам парадавалі арганізатары конкурса, якія паказалі сваё акцёрскае майстэрства і цудоўны парны танец. Варта адзначыць актыўны ўдзел у мерапрыемстве ваеннага факультэта БДУ. Курсанты многае зрабілі для дабрачыннага канцэрта. Дзяўчаты несправіліся б без іх дапамогі!
Ніхто не застаўся абыякавым да творчых нумароў ўдзельнікаў. Выступоўцы выклаліся на ўсе сто працэнтаў. Гэта паставіла журы ў нялёгкае становішча. Выбраць лепшага з лепшых заўсёды вельмі складана. Але ўсё ж кампетэнтнае журы вылучыла тройку фіналістаў: бронза дасталася Дар’і Семянец з прыгожым усходнім танцам, а золата і срэбра падзялілі паміж сабой Ксенія Падстенная і гурт з арыгінальнай назвай “АблажБэнд”. Кожны ўдзельнік быў адзначаны журы і заахвочаны прызам ад факультэта і нашых спонсараў.
Інфармацыйную падтрымку мерапрыемству аказваў інтэрнэт-партал open.by. Open.by– самыя свежыя навіны, самая актуальная інфармацыя. Таксама спонсарамі дабрачыннага канцэрта былі: інтэрнэт-крама дзіўных і арыгінальных рэчаў izi.by, магазін, які рэалізуе канцылярскія тавары оптам, “Жывы офіс”, Gaget.by– сталічны магазін тэхнікі і кавярня “Gusto” – італьянская кухня, выдатная піца, утульны інтэр’ер.
Прыемныя словы прагучалі з вуснаў дэкана філалагічнага факультэта БДУ Івана Сямёнавіча Роўды, для якога ўсе канкурсанты былі вартыя перамогі. Журы вылучыла трох удзельніц і ўзнагародзіла іх самым лепшым падарункам – кнігай!
Дабрачынны канцэрт-конкурс завяршылі песняй, прысвечанай студэнцкаму жыццю, філалагічнаму факультэту і БДУ. Арганізатары спецыяльна напісалі яе для гэтага мерапрыемства. Намаганні былі не марныя. Спадзяемся, правядзенне конкурсу “ФІЛФАКТАР” стане добрай традыцыяй на філалагічным факультэце!
Няма людзей ні на што не здатных. У кожнага ёсць магчымасць тварыць, рабіць свет лепшым і ярчэйшым!
{gallery}2013-12-16{/gallery}


BY 
