11 снежня на філалагічным факультэце БДУ адбыўся штогадовы Калядны дабрачынны баль. Дзякуючы інфармацыйным партнёрам (радыё «Сталіца» і інтэрнэт-радыё «Аплюс ФМ») запрошаных гасцей было больш, чым у папярэднія гады. На гэты раз баль стаў часткай цэлага шэрагу мерапрыемстваў – ён быў пачаткам «Каляднага тыдня» БДУ.
Па традыцыі баль сваім вальсам адкрылі дэкан філалагічнага факультэта прафесар Іван Сямёнавіч Роўда і старшыня Студэнцкага саюза філалагічнага факультэта Таццяна Раманкова.
Арганізатары падрыхтавалі шмат сюрпрызаў. Адным з іх сталі мімы, якія сустракалі гасцей. Таксама ўпершыню баль паўстаў перад гледачом у фармаце казкі. Быў распрацаваны сюжэт, на якім грунтавалася кампазіцыя мерапрыемства.
Нумары былі самымі разнастайнымі: ад традыцыйнага вальса да гарачага танга, ад павольнага джаза да запальнага стэпа. Практычна ўсе танцы былі падрыхтаваныя з дапамогай самых актыўных студэнтаў Акадэміі МУС. Не абышлося, вядома ж, без выступаў таленавітых спевакоў БДУ: Дзмітрыя Нікановіча, Юліі Пагосавай, Ксеніі Падсценай.
Самым чаканым на бале быў аўкцыён, на якім разыгрываліся толькі арыгінальныя лоты: пашыты па замове матылёк ад Аляксандры Хільмановіч, партрэтная фотасесія ад Дар’і Сірэнь, hand made ўпрыгожванні ад Лёкі Волкавай, бутэлька шампанскага, распісаная ў тэхніцы дэкупаж ад Ірыны Хадыка і фотасесія ў стылі «Love Story» ад Дзімы Шчамялёва. Усе атрыманыя сродкі пойдуць на навагоднія падарункі выхаванцам Асіповіцкай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарата.
Харызматычныя вядучыя (Павел Кіслы, Юлія Пагосава, Дзмітрый Нікановіч) не давалі сумаваць нікому, забаўлялі гасцей конкурсамі, ўздымалі настрой салодкімі прызамі.
У чарговы раз Студэнцкі саюз філалагічнага факультэта даказаў, што ўмее арганізоўваць цікавыя, крэатыўныя і запамінальныя мерапрыемствы. Будзем спадзявацца, што арганізатары не спыняцца на дасягнутым і будуць кожны год радаваць усіх нас.
{gallery}2013-12-16_1{/gallery}


BY 
