Напярэдадні міжнароднага жаночага свята 8 Сакавіка на філалагічным факультэце БДУ прайшла выстава вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Прыгажосць сваімі рукамі” (у рамках мерапрыемства “Вясна – 2014”), арганізаваная фальклорна-этнаграфічным кабінетам-музеем беларускай культуры і кафедрай беларускай літаратуры і культуры. На адкрыцці з прывітальным словам выступіў намеснік дэкана к.ф.н., дацэнт М.М. Хмяльніцкі. Ён адзначыў, што кожная рэч, прадстаўленая на выставе, мае свае характар і душу, красамоўна распавядае пра майстроў, якія яе зрабілі. Падобныя выставы, падкрэсліла д.ф.н., прафесар кафедры беларускай літаратуры і культуры Казакова І.В., маюць на мэце праз мастацтва выхоўваць студэнтаў і далучаць іх да прыгожага.
Выстава жаночай творчасці сабрала як славутых, так і маладых майстроў. Старэйшае пакаленне падзялілася некаторымі сакрэтамі розных тэхнік, а таксама акцэнтавала ўвагу моладзі на тым, што творчасць робіць наша жыццё больш глыбокім, яркім і таму добра, калі кожны будзе мець які-небудзь творчы занятак. Напрыклад, можна дадаць да адзення або ў інтэр’ер адмыслова выраблены, эксклюзіўны аксесуар – і гэта адразу ўздыме настрой.
Увазе наведвальнікаў былі прадстаўлены вырабы членаў Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Мікаэлян Т.В. (валянне з воўны, упрыгожванні з натуральных камянёў і скуры), Платуновай С.М. (пано “Наша Беларусь”, “Зара-Зараніца”, “Фантазія”, сумачкі, сурвэткі, абрусы, упрыгожванні – ласкутная тэхніка), Манахавай Л.М. (абрусы, сумачкі, шапачкі – вязанне кручком; сурвэткі, брошкі – фрывалітэ); майстроў народнай творчасці Мікалуцкай А.П. (сурвэткі, шалікі, каўнерыкі, хустачкі – гільяшыраванне), Журун Т.П. (капелюшы, вяночкі – саломапляценне); члена грамадскага аб’яднання “Супрацоўніцтва дзелавых і творчых жанчын” Цярэнцьевай Ю.М. (пано “Восеньскія летуценні”, “Роздум”, упрыгожванні з бісера, натуральных камянёў, каўняры і гальштукі ў тэхніцы фрывалітэ), а таксама майстроў Буцэнка Н.Ц. (вышыўка крыжыкам, гладдзю), Апанасенка М.А. (пласкасная фларыстыка, фрывалітэ, арыгамі, графічныя выявы з нітак), Трахімец А.С. (дэкаратыўная бутэлька), Кавальчук А.С. (вышыўка крыжыкам), Лахоўскай А.А. (цацка – валянне з воўны), Цыбанавай І.Я. (цацкі, шалік, брошкі – валянне з воўны), выкладчыкаў і супрацоўнікаў філалагічнага факультэта Бельскай Т.В. (дэкаратыўная бутэлька), Перабаскінай В.М. (дэкаратыўныя бутэлькі – дэкупаж), Біруля К. (вышыўка крыжыкам), супрацоўніка бібліятэкі БАТУ Каранкевіч Н. (вышыўка крыжыкам), выпускнікоў гістарычнага факультэта Казаковай В. (вышыўка крыжыкам) і факультэта міжнародных адносін Майі Вадзьйя (валянне з воўны).
Прэзентацыя выставы гарманічна дапоўнілася прыгажосцю гучання мастацкага слова – міжнародным святам песні “Сяброўскі карагод”. У гэтай частцы мерапрыемства прагучалі песні ў выкананні фальклорна-этнаграфічнага гурта “Багач” і кітайскіх студэнтаў аддзялення “Рускай філалогіі” (“Ой, чэрочка-пташэчка”, “Юр’я”, “Дзеўкі” і інш.), стажораў з Харбіна (песні пра каханне і пра мару). Таксама прагучалі вершы на беларускай, рускай і кітайскай мовах: верш М. Багдановіча “Перад паводкай” прадэкламаваў суіскальнік ІІ года навучання Чжан Хуншань, а студэнт ІІІ курса аддзялення “Усходняй філалогіі” А. Фамін прачытаў вершы кітайскіх аўтараў і зрабіў аўтарскі пераклад.
У сяброўскім карагодзе на філалагічным факультэце гукалі вясну прадстаўнікі розных народаў і розных пакаленняў. І вясна абавязкова прыйдзе, і “загляне сонца і ў наша ваконца”, і ў нашы сэрцы.
Са Святам!!!
{gallery}2014-03-06{/gallery}


BY 
