1 сакавіка 2014 г. адбылася цырымонія ўрачыстага ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў Рэспубліканскага конкурсу творчых работ школьнікаў«Людзі і словы». У першы дзень вясны ў актавай зале філалагічнага факультэта сабраліся маладыя празаікі і паэты, іх настаўнікі, бацькі, сябры – усе тыя, хто глядзіць на свет як мастак, чые пэндзлі і фарбы – гэта словы розных моў, а палатно – гэта сёння, хутчэй за ўсё, манітор комп’ютара.
Пасля абвяшчэння ў снежні 2013 г. конкурсу Савет маладых вучоных філалагічнага факультэта атрымаў прыкладна 600 работ, якія прадставілі ўсю Беларусь. Галоўнай мэтай конкурсу было адкрыць для чытача– пакуль што нешырокага, але зычлівага, зацікаўленага, – новыя яркія імёны, пазнаёміцца з таленавітымі удумлівымі людзьмі, падтрымаць зносіны школы і ўніверсітэта. Сярод работ пераважалі эсэ – дыялогі з асобамі, якія калісьці ўразілі юных аўтараў. З кім толькі не гутарылі ўдзельнікі: Сакратам і Стывам Джобсам, Васілём Цяпінскім і Куртам Кабейнам, маці Тэрэзай і Максам Каржом, Уладзімірам Мулявіным, Васілём Быкавым, нават з Альбусам Дамблдорам і шмат з кім яшчэ. Самая галоўная тэма, якую раскрывалі аўтары, – гэта пошук сябе, пошук адказаў на вечныя і вострыя пытанні: навошта патрэбна слава і што з ёй рабіць? чаму і ад чаго бяжыць чалавек? ці можна быть патрыётам у эміграцыі? што такое вера?.. Вершы – лірычныя ўражанні, навеяныя творчасцю У. С. Караткевіча – былі самых розных форм і стыляў: трыялет, свабодны верш, паэма, імпрэсія; разнастайныя паводле настрою: грамадзянская, пейзажная, філасофская лірыка; з самай выкшталцонай рыфмай і без рыфмы ўвогуле…
Пасля сардэчнага вітання ад старшыні Савета маладых вучоных-філолагаў Вольгі Зуевай з віншавальным словам да маладых пісьменнікаў звярнуўся дэкан філалагічнага факультэта прафесар Іван Сямёнавіч Роўда. Добра вядомы ўсім школьнікам навуковец горача падтрымаў цікавасць дзяўчат і хлопцаў да мастацтва слова, займальна распавёў, чым займаюцца сучасныя філолагі, а таксама раскрыў сакрэт, дзе можна атрымаць найлепшую прафесійную філалагічную адукацыю ў Беларусі.
Івана Сямёнавіча падтрымаў вядомы пісьменнік, літаратурны крытык, перакладчык, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат шэрага літаратурных прэмій Міхаіл Паўлавіч Пазнякоў. Выпускнік філалагічнага факультэта БДУ, Міхаіл Паўлавіч з любоўю і пашанай згадаў сваіх настаўнікаў, расказаў маладым гасцям аб працы пісьменніка, аб ролі творчасці ў жыцці чалавека, прачытаў некалькі сваіх вершаў і падараваў пераможцам зборнікі сваіх паэтычных твораў.
Яшчэ адзін падарунак зрабіў гасцям пераможца праекта АНТ «Акадэмія талентаў» студэнт філалагічнага факультэта Уладзіслаў Чыжыкаў, выканаўшы эмацыянальную вакальную кампазіцыю ў суправаджэнні гітары (гітарыст – студэнтка філалагічнага факультэта Валерыя Нешытая).
Пасля віншавальнай часткі, што была багатая на ўсмешкі, жывыя зносіны і смех, дэкан факультэта Іван Сямёнавіч Роўда ўручыў пераможцам, прызёрам і іх настаўнікам дыпломы і падарункі. Нагадаем, што лаўрэатамі Гран-пры конкурсу сталі Сцяцко Лізавета Юр’еўна, настаўнік Пераходцава Алена Генадзьеўна, ДУА «Сярэдняя школа № 12 г. Гродна» (найлепшае эсэ) і Немагай Ганна Васільеўна, настаўнік Сімаковіч Наталля Віктараўна, ДУА «Сярэдняя школа № 2 г.п. Бялынічы» (найлепшы верш).
Савет маладых вучоных філалагічнага факультэта шчыра дзякуе ўсім удзельнікам конкурсу «Людзі і словы». Вельмі хочацца верыць, што сустрэча была не выпадковая і не апошняя. Філалагічны факультэт заўсёды адчынены для неабыякавых удумлівых людзей, якія паважаюць і імкнуцца развіваць культурную традыцыю свайго народа. Як пісаў У. С. Караткевіч, «кожны чалавек носіць сваё неба з сабой». Няхай наша неба будзе яркім, сінім, зіхатлівым і няхай за ім будзе бачны ўвесь Космас!
З работамі пераможцаў конкурсу можна пазнаёміцца тут.
{gallery}2014-03-04{/gallery}


BY 
