13 сакавіка на філалагічным факультэце адбылася прэзентацыя кнігі Дзмітрыя Якаўлевіча Бугаёва “Жыццём ідучы”, выдадзенай напрыканцы 2013 года. Прафесар філалогіі Д.Я. Бугаёў 12 студзеня гэтага года адсвяткаваў сваё 85-годдзе. І выданне гэтай кнігі стала своеасаблівым падарункам юбіляру ад філалагічнага факультэта.
Д.Я. Бугаёў выступае ў літаратурнай крытыцы і літаратуразнаўстве з 1957 г. У Саюзе пісьменнікаў – з 1961 г. Аўтар звыш 300 навуковых прац, апублікаваных у Беларусі і за яе межамі. Працаваў на філалагічным факультэце БДУ з 1964 па 2008 г. Асобнымі выданнямі выйшлі наступныя літаратуразнаўчыя манаграфіі і зборнікі крытычных артыкулаў і эсэ: “Шчодрае сэрца пісьменніка” (1963), “Паэзія Максіма Танка” (1964, 2003), “Максім Гарэцкі” (1968, 2003), “Шматграннасць” (1970), “Зброяй сатыры, зброяй праўды” (1971, 2004), “Вернасць прызванню. Творчая індывідуальнасць Івана Мележа” (1977), “Талент і праца” (1979; Дзяржаўная прэмія БССР імя Якуба Коласа – 1984), “Чалавечнасць” (1985), “Васіль Быкаў” (1987), “Арганічнасць таленту” (1989), “Праўда і мужнасць таленту” (1995), “Спавядальнае слова” (2001), “Служэнне Беларусі” (2003), “Вывучэнне творчасці Васіля Быкава ў школе” (у сааўтарстве з М. і В. Верціхоўскімі, 2005), “Уладзімір Дубоўка” (1965, 2005).
Так і новая кніга “Жыццём ідучы” складаецца з артыкулаў па гісторыі беларускай літаратуры і крытыкі, утрымлівае дакументальныя згадкі пра гісторыю БДУ ў лёсах яго выкладчыкаў 1960 – 2000 гг. У ёй разгледжаны творы І. Шамякіна, Р. Барадуліна, В. Зуёнка, В. Казько, М. Мятліцкага, Ю. Станкевіча, А. Наварыча, Л. Рублеўскай, створаны літаратурныя партрэты В. Быкава, І. Навуменкі, І. Чыгрынава, М. і Г. Гарэцкіх, даследчыкаў С. Александровіча, В. Барысенкі, С. Гусака, В. Каваленкі, У. Калесніка, Ф. Янкоўскага.
Ужо ў першай сваёй кнізе “Шчодрае сэрца пісьменніка”, прысвечанай М. Лынькову, у аснову якой пакладзена кандыдацкая дысертацыя маладога даследчыка, праявіўся яго талент: у кнізе былі адлюстраваны істотныя ідэйна-мастацкія асаблівасці арыгінальнага таленту М. Лынькова. Кола інтарэсаў Д.Я. Бугаёва шырокае: яго пяру належаць манаграфіі пра М. Танка, У. Дубоўку, М. Гарэцкага, К. Крапіву, І. Мележа, В. Быкава, артыкулы і рэцэнзіі на творы многіх беларускіх аўтараў. Даследчык імкнецца раскрыць жанрава-тэматычную і стылёвую шматграннасць беларускай літаратуры, асэнсаваць літаратурныя з’явы ў сацыяльна-псіхалагічным плане, грунтоўна аналізуе творы, пранікае ў творчую лабараторыю пісьменніка, спрабуе паказаць яго індывідуальна-творчае аблічча.
На прэзентацыі кнігі “Жыццём ідучы” прысутнічалі пісьменнікі і даследчыкі, якія ведаюць Д.Я. Бугаёва як чалавека і як вучонага шмат гадоў. Адкрываючы мерапрыемства, намеснік дэкана, дацэнт М.М. Хмяльніцкі распавёў, што яму пашанцавала вучыцца ў Д.Я. Бугаёва, сапраўднага патрыярха беларускага літаратуразнаўства і крытыкі, які шмат гадоў аддаў служэнню філалагічнаму факультэту БДУ.
Акадэмік У.В. Гніламёдаў прыгадаў, што ведае Д.Я. Бугаёва з 1962 года, яшчэ з тых часоў, калі Дзмітрый Якаўлевіч працаваў у Акадэміі навук Беларусі. Асабліва адзначыў такія рысы яго характару і таленту, як праўдзівасць, арыгінальнасць, уменне адстойваць сваю думку, і падкрэсліў, што без кніг даследчыка не абыдуцца гісторыкі беларускай літаратуры і ўсе, хто цікавіцца творчасцю нашых класікаў. У новай кнізе Д.Я. Бугаёва пра пісьменнікаў сказана лаканічна, з патрабаваннем праўдзівасці да іх і да сябе.
Прафесар М.А. Тычына згадаў канкрэтныя выпадкі з жыцця Дзмітрыя Якаўлевіча, вылучыў асноўныя рысы яго як чалавека: любоў да прыроды (ён выдатны садавод, менавіта ў садзе прыходзіць да яго натхненне, з’яўляюцца новыя творчыя ідэі і задумы) і любоў да людзей. Нездарма ў прадмове да кнігі “Жыццём ідучы” М.А. Тычына назваў яго словамі Я. Коласа з верша “Наперад”: “вечны юнак-чалавек” – яму ўласцівы жыццялюбства, юначы позірк на свет. Менавіта Дзмітрый Якаўлевіч – першы, хто заўважыў М. Гарэцкага і У. Дубоўку (да гэтага іх творчасць не даследавалася савецкім літаратуразнаўствам) і кнігі пра іх узяўся пісаць.
Словы ўдзячнасці прагучалі і ад вучаніц Д.Я. Бугаёва – цяперашніх выкладчыкаў філалагічнага факультэта, якім ён дапамог і якіх падтрымаў у свой час: прафесара Т.І. Шамякінай, старшага выкладчыка Л.У. Карпавай, дацэнта Н.Б. Рашэтнікавай – аднакурсніц, у якіх Д.Я. Бугаёў вёў поўны курс “Гісторыі беларускай літаратуры” (на працягу трох гадоў). Выступоўцы ўспаміналі свае студэнцкія гады і, расказваючы пра яго як выкладчыка, вылучалі яго вялікую эрудыцыю.
Прафесар В.П. Рагойша ўзгадаў, што Д.Я. Бугаёў падтрымаў яго на перадабароне кандыдацкай дысертацыі, адзначыў сапраўдную тэарэтычную і гістарычную глыбіню прац даследчыка. “Зброяй праўды” ён аналізаваў усе дасягненні літаратуры па крытэрыях Дабра, Прыгажосці і Ісціны. Менавіта ў перыяд адлігі на першы план выйшла ісціна, яе пачалі шукаць і ў літаратуры (А. Адамовіч, І. Мележ, В. Быкаў), і ў літаратуразнаўстве.
Вядучай мерапрыемства была дацэнт Л.В. Алейнік, таксама вучаніца Д.Я. Бугаёва, выкладае пасля яго прадмет “Гісторыя літаратурнай крытыкі”. Яна сказала, што “па яго кнігах можна навучыцца, як тактоўна весці палеміку”, і вылучыла яго выключнае ўменне займальна распавядаць. І.П. Мележ высока цаніў напісанае Д.Я. Бугаёвым пра ягоную творчасць, – нагадала Л.В. Алейнік.
Дачка даследчыка, прафесар Л.Д. Сінькова шчыра падзякавала за выданне кнігі яе бацькі і за цёплыя словы, адрасаваныя яму.
Гасцямі мерапрыемства таксама былі рэдактар часопіса “Маладосць”, прадстаўнік маладой генерацыі крытыкі Ц. Чарнякевіч і супрацоўнік “Настаўніцкай газеты” М. Чэмер.
{gallery}2014-03-14{/gallery}


BY 
