16 мая на філалагічным факультэце адбылося мерапрыемства “Вечны агонь Перамогі” – навуковыя чытанні, прысвечаныя 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, арганізаванае кафедрай беларускай літаратуры і культуры. Адкрыў навуковыя чытанні намеснік дэкана, кандыдат філалагічных навук, дацэнт М.М. Хмяльніцкі. На гэтым мерапрыемстве выступілі: кандыдат філалагічных навук, дацэнт А.Л. Верабей з дакладам пра літаратуру перыяду Вялікай Айчыннай вайны; доктар філалагічных навук, прафесар кафедры беларускай літаратуры і культуры І.В. Казакова з дакладам пра фальклор перыяду Вялікай Айчыннай вайны; кандыдат філалагічных навук, дацэнт У.А. Навумовіч, які расказаў пра асэнсаванне Вялікай Айчыннай вайны ў беларускай літаратуры і падкрэсліў, што беларуская літаратура ваеннай тэматыкі, гэтаксама як і сербская па праву лічацца лепшымі ў свеце; старшы выкладчык Л.У. Карпава падзялілася ўспамінамі пра выпрабаванні, якія давялося перажыць яе бацькам падчас ваеннага ліхалецця. Загадчык кафедры беларускай літаратуры і культуры, доктар філалагічных навук, прафесар Т.І. Шамякіна ў працяг выступлення Л.У. Карпавай расказала пра аднаўленне пасляваеннага Мінска ў дакладзе на тэму “Вобраз вызваленага Мінска ў творчасці Уладзіміра Карпава” і пра ўдзел у вайне свайго бацькі, народнага пісьменніка Беларусі І.П. Шамякіна. Мерапрыемства спалучыла размову пра літаратуру, асабістыя ўспаміны (кожны з выступоўцаў расказваў пра ўдзел у вайне сваіх родных) і цытаванне фальклорных і мастацкіх твораў перыяду Вялікай Айчыннай вайны.
Прачула прагучалі радкі з ранняга паэтычнага твора І.П. Шамякіна ў форме ліста, напісанага жонцы, прасякнутыя вялікай верай у Перамогу і чаканнем яе, – гэта было агульным настроем і галоўнай марай усіх людзей, якія ваявалі супраць фашызму. Мерапрыемства невыпадкова мела назву “Вечны агонь Перамогі”: у ёй спалучаны два сімвалічных вобразы – Святло Перамогі і вечны агонь як сімвал народнай памяці пра Вялікую Перамогу і яе цану.
{gallery}2014-05-21_1{/gallery}


BY 
