21 лістапада кафедра нямецкага мовазнаўства правяла чарговы майстар-клас для прафесарска-выкладчыцкага складу філалагічнага факультэта БДУ. Мерапрыемства было арганізавана старшым выкладчыкам кафедры Крэпскай Наталляй Канстанцінаўнай у межах вучэбнай дысцыпліны «Методыка выкладання нямецкай мовы» для студэнтаў 4-га курса спецыяльнасці «Рамана-германская (нямецкая) філалогія». Тэма заняткаў – «Выкарыстанне мабільных дадаткаў і інструментаў пры навучанні замежнай мове і яе вывучэнні».
Выбар тэмы заняткаў абумоўлены патрабаваннямі, якія прад’яўляюцца сёння да працэсу навучання замежным мовам. Для маладога пакалення Z, да якога належаць сенняшнія вучні школ і большасць студэнтаў і якое вырасла ў эпоху лічбаў, ужо недастаткова карыстацца толькі падручнікам на ўроку і дома. У выкладанні школьных прадметаў неабходна выкарыстоўваць інтэрактыўныя тэхналогіі, якія дазваляюць павысіць нагляднасць і эрганоміку ўспрыняцця вучэбнага матэрыялу, што пазітыўна адлюстроўваецца на вучэбнай матывацыі і эфектыўнасці навучання. З дапамогай вялікай колькасці праграм і інструментаў можна стварыць цэлую калекцыю інтэрактыўных заданняў, зрабіць інфармацыю візуальнай і прывесці яе ў сістэму.
Перад семінарскімі заняткамі студэнты займаліся пошукава-вытворчай дзейнасцю, вынікам якой сталі мультымедыйныя прэзентацыі з падрабязным апісаннем інтэрфейсу і функцыянальных магчымасцей наступных мабільных праграм і інструментаў:
- Сэрвіс інтэрактыўных заданняў LearningApps (https://learningapps.org). Падрыхтавалі Багданік Наталля, Касцічэнка Крысціна.
- Сэрвіс візуалізацыі інфармацыі Wortwolken (https://www.wortwolken.com). Падрыхтавала Ніканчук Валерыя.
- Mind maps і магчымасці іх выкарыстання пры вывучэнні ЗМ (https://www.xmind.net, https://coggle.it/?lang=ru, http://mimind.cryptobees.com/, http://www.mindlyapp.com/). Падрыхтавалі Мішкова Ганна, Плотка Анастасія.
- Што такое Quizlet і як ім можна карыстацца? (https://quizlet.com/ru). Падрыхтаваў Сяргееў Ягор.
Студэнты, якія выступілі на занятках з паведамленнямі, прадставілі таксама ўласныя адукацыйныя прадукты – распрацоўкі на аснове мабільных і камп’ютарных праграм, абмеркавалі разам з выкладчыкамі вартасць і недахопы пералічаных вышэй сэрвісаў, а таксама магчымасць іх выкарыстання ў перыяд педагагічнай практыкі ў школе і ва ўласнай вучэбнай дзейнасці.





BY 
