Сэрвісы

“Міс філалагічнага факультэта 2016”

“Міс філалагічнага факультэта 2016”
Вось і надышла вясновая пара. Прырода ажывае, распускаецца, а ў гэты час ледзі сваёй грацыяй, прыгажосцю і непаўторным талентам зачароўваюць гасцей актавай залы філалагічнага факультэта. 16 сакавіка шэсць канкурсантак змагаліся за тытул «МІС ФІЛФАК – 2016». Шмат сюрпрызаў чакала гледачоў у гэты дзень, а якія менавіта, вы зараз даведаецеся.
Музыка. Святло згасла. На сцэне з’явіліся куратары нашых удзельніц, без якіх не было б свята. Гэта – прадстаўнікі Студэнцкага Саюза філалагічнага факультэта, якія сваім яркім танцавальным нумарам зарадзілі публіку бадзёрасцю і энергіяй. Здзіўленню гледачоў не было мяжы, калі яны ўбачылі вядучага – вясёлага Дзмітрыя Нікановіча, выпускніка Інстытута журналістыкі БДУ. Ён упэўнена задаваў рытм мерапрыемству, падтрымліваў удзельніц і весяліў залу сваім гумарам.
І вось ён, той момант, якога ўсе чакалі, настаў. Удзельніцы нарэшце-такі з’явіліся з-за кулісаў. Гэта былі Грышкевіч Вольга, Ястрэмская Анастасія, Галушка Паліна, Бардзянюк Лізавета, Кавалёва Кацярына і Сяргеева Соф’я. Танцавальны конкурс паказаў іх пластычнасць і вытанчанасць, а відэа-візітоўкі дапамаглі нам даведацца больш пра кожную з іх.
Дэфіле ў вячэрніх сукенак. Як жа элегантна яны глядзеліся ў спалучэнні з вытанчанай паходкай канкурсантак! Унікальнасць знешнасці кожнай дзяўчыны і іх жаноцкасць змусілі гарэць вочы прысутных у зале прадстаўнікоў мужчынскай паловы.
Аднак якая ж дзяўчына прыгожая па-сапраўднаму? Адказ відавочны: тая, якая клапоціцца не толькі пра прывабнасць свайго цела, але і пра чысціню душы і розуму. Таму інтэлектуальны конкурс быў праведзены якраз дарэчы. У вачах удзельніц можна было заўважыць іскру страху, якая заразіла ўсю залу. Плакаты ў падтрымку дзяўчат падымаліся адзін за адным, апладысменты ўзмацняліся… Адна за адной прыгажуні пакідалі сцэну. Пераможцай усё ж стала Кавалёва Каця. Тым не менш, усе годна трымаліся на сцэне і знаходліва адказвалі на зададзеныя пытанні, на што здатны не кожны. Малайцы!
У той час як дзяўчаты рыхтаваліся да наступнага конкурсу, гледачоў здзівіў яшчэ адзін сюрпрыз. Яго элегантны чорны касцюм і танец у стылі Майкла Джэксана ўразіў публіку ў зале. Гэта быў Алег Усаў, выпускнік філалагічнага факультэта, які не забывае родны філфак.
Ну якая ж «Міс» праходзіць без творчага конкурсу? Першай, хто выступіў, стала Грышкевіч Вольга са сваёй пранікнёнай песняй. Выконваючы сучасныя кампазіцыі, на цымбалах па-майстэрску грала Бардзянюк Ліза. Ястрэмская Насця незвычайна і з пышным акцёрскім майстэрствам прачытала свой маналог. Кавалёва Каця ў эмацыянальным танцы ўмела адлюстравала барацьбу душы з нераздзеленым каханнем, што ў кожнага выклікала мурашкі, а часам і слёзы. З падобным нумарам выступіла Сяргеева Соня, якая расказала гісторыю кахання ўжо ў сваёй інтэрпрэтацыі. Добрая і натхняльная сцэнка з маленькімі дзецьмі была выканана мілай Галушка Палінай. У кожным нумары можна было заўважыць не толькі талент канкурсантак, але і іх стараннасць і стойкасць.
У фінале конкурсу на сцэне з’явіліся члены журы. Кожны з іх казаў цёплыя словы ў адрас канкурсантак і абвяшчаў намінацыі ўдзельніц. У выніку, атрымалася наступнае:
Міс Творчасць – Ястрэмская Анастасія (фота 1)
Міс Натхненне – Галушка Паліна (фота 2)
МісГрацыя – Бардзянюк Лізавета (фота 3)
МісГеніяльнасць– Сяргеева Соф’я (фота 4)
Віцэ-міс – Грышкевіч Вольга (фота 5)
Міс Фота, і, больш за тое, МІС ФІЛФАК 2016 Кавалёва Кацярына! (фота 6)
«Мае эмоцыі ад перамогі былі рознымі. Спачатку я адчула палёгку ад таго, што апраўдала чаканні людзей, якія верылі ў мяне. Затым была нястрымная радасць, што ўсё нездарма, што я здолела і ўсё атрымалася. Сам конкурс быў напоўнены здаровай канкурэнцыяй, спаборніцтвам з сабою. З дзяўчынкамі мы добра ладзілі і стараліся ва ўсім дапамагаць і падтрымліваць адна адну», – падзялілася ўражаннямі пераможца.
Віншуем! Гэта была сапраўдная перамога!
Гэта падзея пакінула яркі след у сэрцах усіх прысутных у той дзень. Яна падаравала нам не толькі буру эмоцый, але і адзін важны ўрок: клапаціцца трэба не толькі пра знешнюю прыгажосць, але і не забываць пра ўнутраную. Выкарыстоўвайце гэта правіла ў сваім жыцці, і вы ніколі не памыліцеся!
{gallery}2016-03-23{/gallery}
Image

Рэсурсы

Image
Image