Сэрвісы

Турыстычны злёт «Мінскае мора»

Турыстычны злёт «Мінскае мора»

Адным з самых вясёлых і запамінальных мерапрыемстваў для першакурснікаў на філалагчным факультэце БДУ з’яўляецца «марскі» турыстычны злёт «Мінскае мора». Кожны год дзясяткі новых студэнтаў накіроўваюцца туды не проста паўдзельнічаць у цікавай імпрэзе, паспаборнічаць у спартыўным арыентаванні, а абавязкова знайсці новых сяброў і проста добра адпачыць.

Вось і сёлета, 17 верасня, дружная філфакаўская сям’я выправілася насустрач новым прыгодам. І калі хтосьці з вас падумаў, што нічога асаблівага ў гэтым мерапрыемстве быць не можа, то глыбока памыліўся. Чаго толькі была варта ў гэтым годзе тэма імпрэзы! «Казкі Мінскага мора»! Гэта ж сапраўдная скарбонка для ідэй. І нашы юныя навучэнцы разам са сваімі куратарамі распрацавалі сапраўды вартыя творчыя нумары. І нават той, хто ў дзяцінстве быў мала знаёмы з казачным светам, нечакана для сябе стаў яго часткай.

Два тыдні! Два доўгія тыдні абсалютна непадобныя адзін да аднаго першакурснікі з розных спецыяльнасцей аб’ядноўваліся ў дзесяць моцных каманд. «Залаты батон», «Гномы GO», «Вясенні лес», «Дарада», «Беременские», «Непадобныя», «Мінскае гора», «Казкіны дочкі», «Поліс», «Дары філфака» – усе яны хацелі чымсьці прывабіць, захапіць, а галоўнае – запомніцца на Мінскім моры. І, безумоўна, у іх гэта выдатна атрымалася!

Кожны нумар-казка стаў ўнікальным і непаўторным. Разам з юнымі акцёрамі можна было імгненна перанесціся ў чарадзейны свет.

«Я нявольна стала часткай кожнага з нумароў. Тое, што адбывалася па-за межамі імправізаванай сцэны, проста перастала цікавіць мяне. Шэдэўральна! Сапраўдны адпачынак для душы. Ні хвіліны шкадавання, што, замест выходнага на канапе пад цёплай коўдрай, я выбрала маленькае падарожжа на «Мінскае мора», – дзялілася сваімі ўражаннямі студэнтка 2-га курса Лысюк Аліна. І мне здаецца, што з гэтым нельга не пагадзіцца. Кожная з каманд настолькі добра пастаралася, што журы было складана выбраць пераможцу. І дапамогай у гэтай нялёгкай справе стаў другі спартыўны этап, які складаўся з неардынарных і крэатыўных «пікетаў» – рабяты са Студэнцкага Саюза пастараліся. Такім чынам, «турысцкая сцяжынка» канчаткова расставіла ўсё на свае месцы.

«Непадобныя». Каманда з такой гучнай (камусьці можа паказацца, што нават смелай) назвай была своеасаблівай. І гэта заўважылі многія. Дзіва? Але ўсё не дарма! Таму што менавіта «Непадобныя» і сталі сёлетнімі пераможцамі. І як адзначалі студэнты-ўдзельнікі, першымі яны сталі дзякуючы сваім куратарам: Вікторыі Галоўчык і Лізавеце Чыж

Вядома, што першае месца атрымлівае хтосьці адзін, але прызёраў заўжды трое. Таму, не расказаць падрабязней яшчэ пра дзве каманды, будзе недаравальным! «Залаты батон» і «Казкіны дочкі» – срэбна-бронзавыя «зорачкі» мерапрыемства, а Юлія Сныткіна, Яўгенія Францішава, Аўчыннікаў Уладзіслаў і Мурашка Аляксей – тыя, хто іх запаліў!

Увогуле, кожны, хто трапіў і прыняў нават самы нязначны ўдзел у Мінскім моры 2016, і стаў пераможцам! Столькі сіл прыйшлося ім выкласці! Столькі часу штодзень неабходна было выкраіць! Столькі страхаў трэба было пераадолець! І яны перамаглі! Усе да адзінага! І імі можна ганарыцца!

Адным цэлым з’яўляецца наш філалагічны факультэт. І калі сюды далучаецца хтосьці новы, раней нам не знаёмы, ужо праз дзень-другі прыходзіць разуменне, што яны таксама – наша частка. Частка, якую нельга пакінуць па-за ўвагай або адарваць ад з’яднанага калектыву.

Вось такім чынам і першакурснікі першага верасня штогод папаўняюць «наша філалагічнае цэлае». Але мала проста стаць студэнтам філфака, трэба адчуць сябе членам гэтай вялікай сям’і. І, ведаеце, што дае такую неверагодную магчымасць? Безумоўна, Мінскае мора! Не паехаць туды – значыць, прапусціць важны момант свайго студэнцкага жыцця.

А калі камусьці ў гэтым годзе не давялося трапіць у маленькае «марское» падарожжа – не сумуйце, час яшчэ ёсць! Галоўнае, памятайце: Мінскае мора аб’ядноўвае ўсіх! 

{gallery}2016-09-23{/gallery}

Image

Рэсурсы

Image
Image