16 лютага 2024 года на філалагічным факультэце адбыліся адкрытыя заняткі старшага выкладчыка кафедры рускай мовы А.А. Занкавец. Лекцыя “Лінгвістычная геаграфія” была прачытана студэнтам 2 курса спецыяльнасці “Руская філалогія” (дысцыпліна – “Руская дыялекталогія”) і прайшла ў форме лекцыі-тэста.
Заняткі пачаліся з дыялекталагічнай размінкі: студэнты паслухалі песню, у якой трэба было знайсці дыялектныя рысы. Потым выкладчык прапанавала тэст з варыянтамі адказу, які быў складзены згодна з планам прадстаўлення тэарэтычнага матэрыялу. На працягу лекцыі студэнты павінны былі адказваць на пытанні тэста, адначасова правяраючы сябе і складаючы канспект. У якасці нагляднага матэрыялу, акрамя традыцыйнай ужо прэзентацыі, дэманстраваліся разнастайныя дыялекталагічныя карты. Такім чынам прысутныя змаглі ўбачыць рэальныя вынікі працы дыялектолагаў. Напрыканцы студэнты паслухалі двухмінутны падкаст – кароткі змест лекцыі, у якім былі фактычныя памылкі. Гэтыя памылкі трэба было вызначыць і выправіць.
Лекцыя-тэст сёння прызнана адной з найбольш эфектыўных методык выкладання тэарэтычнага матэрыялу: яна вымушае студэнтаў уважліва слухаць выкладчыка і засяроджвацца на матэрыяле, забяспечвае наяўнасць канспекта, дазваляе правесці экспрэс-кантроль засваення ведаў.
На адкрытых занятках прысутнічалі загадчык і прафесарска-выкладчыцкі склад кафедры рускай мовы, намеснік дэкана па вучэбнай рабоце і адукацыйных інавацыях М.М. Хмяльніцкі і іншыя выкладчыкі факультэта. Таксама на заняткі былі запрошаны зацікаўленыя ў паступленні на філфак вучні гімназій № 37 і № 43 г. Мінска і сярэдняй школы № 203 г. Мінска ў суправаджэнні настаўнікаў-русістаў. Пасля лекцыі ў вучняў была магчымасць пагаварыць са студэнтамі і выкладчыкамі.
Пасля мерапрыемства абылося кароткае абмеркаванне лекцыі. Калегі падзяліліся ўражаннямі і зрабілі заўвагі. Лекцыя была прачытана ў межах абмену метадычным вопытам паміж выкладчыкамі філалагічнага факультэта.