Сэрвісы

Салееў Вадзім Аляксеевіч

Салееў Вадзім Аляксеевіч – галоўны навуковы супрацоўнік навукова-даследчага аддзела Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, доктар філасофскіх навук, прафесар.


Скончыў рускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1962 г.). У 1967 годзе паступіў у аспірантуру кафедры эстэтыкі філасофскага факультэта МДУ імя М. В. Ламаносава. У вучоным савеце МДУ абараніў абедзве дысертацыі – кандыдацкую “Да праблемы фарміравання мастацкай ацэнкі” (1972 г.) і доктарскую “Аксіялагічныя падставы нацыянальнай мастацкай культуры” (1992 г.).


В. А. Салееў з’яўляецца адным з найбуйнейшых спецыялістаў СНД у галіне філасофіі, культуролагі і эстэтыкі, аўтарам больш за 400 навуковых і навукова-метадычных работ (у тым ліку 9 манаграфій і 6 навучальных дапаможнікаў – “Аб мастацкім гусце” (1975), “Мастацтва і яго ацэнка” (1977), “Сучасная эстэтыка Беларусі” (1979), “Нацыянальная самасвядомасць і мастацкая культура” (1990), “Мова ў нацыянальнай культуры” (1992), “Этнапедагогіка і эстэтычнае развіццё асобы” (1994), “Мастацтва. Мастацтва і сучаснасць” (2006), “Асновы эстэтыкі” (2008), “Нарысы тэорыі беларускага тэатра” (2014), “Нарысы адукацыі на пераломе стагоддзяў” (2019) і інш.). Ім былі распрацаваны напрамкі ў філасофіі – “неааксіялогія” (1991–2006 гг.), эстэтыкі – “этнаэстэтыка” (1992–1994 гг.), канцэпцыі нацыянальнай культуры (1992), мастацкай адукацыі Рэспублікі Беларусь (1993–1995 гг.) і артстрэсспедагогікі і артстрэсстэрапіі (1993-1996).


З 1995 па 2002 год В. А. Салееў быў галоўным рэдактарам часопіса “Аснавы мастацтва”, з 2002 па 2004 – галоўным рэдактарам часопіса “Мастацтва” , з 2013 года – галоўны рэдактар навукова-метадычнага часопіса “Артэфакт”.


Асобае месца ў творчасці В. А. Салеева займае публіцыстычная і мастацка-крытычная дзейнасць. Ім апублікавана больш за 600 артыкулаў у галіне тэатра, літаратуры, архітэктуры і кіно ў рэспубліканскіх і саюзных выданнях.


У літаратурнай творчасці В. А. Салееў рэалізаваў сябе ў філасофскай паэзіі і навелістыцы (літаратурны псеўданім – Вадзім Яр). Яго творы публікаваліся ў шматлікіх зборніках і альманахах. З’яўляецца пераможцам “Паэтры-слэм” VII фестывалю літаратуры і культуры “Славянскія традыцыі–2018” у Празе. Узнагароджаны літаратурнымі медалямі імя Ф. Іскандэра (2012), Я. Замяціна (2018), медалём Францыска Скарыны (2019), лаўрэат міжнароднай прэміі імя Сімяона Полацкага (2017). Аўтар мастацкіх і мастацка-публіцыстычных кніг: «Ты вечна, красота» – Мінск, 2001, «Три минуты» – Мінск, 2014, «Зеркало» – Смаленск, 2016, «Силуэты Минска» – Мінск, 2017, «Нобель для Беларуси» – Мінск, 2019.

Image

Рэсурсы

Image
Image
Наш сайт использует файлы cookie

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики. Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.