Новы навучальны год распачаўся, а разам з ім і цэлы спектр спектр адукацыйных ініцыятыў. 11 верасня пра традыцыі і перспектывы школы юнага філолага у сямейнай студыі Нацыянальнага радыё вядучай Анастасіі Ярмалюк распавяла дацэнт кафедры рускай літаратуры Людміла Віктараўна Камлюк-Ярашэнка.
Сёння школа юнага філолага прадстаўлена адзінаццаццю разнастайнымі напрамкамі: лінгвістыка, фалькларыстыка, літаратуразнаўства, германістыка, кітаістыка, беларусістыка і інш.
Геаграфія школы ўражвае: на філалагічны факультэт рэгулярна прыязджаюць школьнікі з рэгіёнаў (Барысаў, Чэрвень, Копыль, Салігорск і інш.). Творчыя сустрэчы збіраюць да 50 юных філолагаў, якія не баяцца гаварыць, пісаць, інтэрпрэтаваць і вучыцца мысліць як сапраўдныя даследчыкі.
Вынікі больш чым пераканаўчыя: удзел і перамогі школьнікаў у рэспубліканскіх конкурсах даследчых работ і канферэнцыях, публікацыі ў рэгіянальных СМІ, першыя крокі ў ролі інфлюэнсараў сучаснай філалогіі. Многія выпускнікі школ юнага філолага ўжо сёння пачалі навучанне ў аўдыторыях БДУ і працягваюць свой шлях да філалогіі.
Адзін з напрамкаў кафедры рускай літаратуры – «Студыя літаратурнага блогера» - ўжо пяты год аб’ядноўвае школьнікаў ад пятага класа да старшакласнікаў.
«Для літаратурнага блогера чытанне – гэта ўчынак; уменне ператвараць кнігу ў навіну, трэнд, падзею, – падкрэсліла Людміла Віктараўна. – Але блогерства – гэта не толькі ўменне пісаць, посціць і здымаць рылсы. Гэта яшчэ і адказнасць, экспертнасць, эстэтычны густ і здольнасць бачыць за літарамі і словамі мастацкія сусветы і дзяліцца гэтым з іншымі».
Філалогія сёння – гэта не толькі класіка, але і найсучаснейшы напрамак, які дапамагае быць паспяховым у любой сферы. Бо ўменне цікава і кампетэнтна распавесці пра свой праект – гэта ўжо поспех.
Набор у школы юнага філолага адкрыты. Першыя заняткі пачнуцца ў кастрычніку. Наперадзе – цэлы марафон жывых сустрэч, чытання і творчасці.




BY

