Сэрвісы

Захоўваючы памяць пра Рыгора Шырму

Захоўваючы памяць пра Рыгора Шырму

22 лістапада на філалагічным факультэце БДУ адбыўся круглы стол «Рыгор Шырма – фалькларыст», прымеркаваны да 130-годдзя з дня нараджэння вядомага майстра. Падрыхтавалі і правялі мерапрыемства кафедра тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства і ВНЛБФ. Сярод прысутных былі выкладчыкі кафедры і супрацоўнікі ВНЛБФ, а таксама студэнты 1 курса спецыяльнасці “Беларуская філалогія” і 2 курса спецыяльнасці “Славянская філалогія”.

З уступным словам пра Рыгора Раманавіча Шырму выступіла кандыдыт філалагічных навук, дацэнт Таццяна Лук’янава, якая адзначыла рознабаковы талент слаўнага сына беларускага народа як нястомнага збіральніка беларускага фальклору, удумлівага этнамузыказнаўца і фалькларыста, уважлівага ўкладальніка зборнікаў народных песень, заснавальніка шматлікіх хораў з беларускім песенным рэпертуарам, заснавальніка і кіраўніка Акадэмічнай харавой капэлы, якая цяпер носіць яго імя, педагога, публіцыста, грамадскіага дзеяча.

Адкрылася праца круглага стала кадрамі з дакументальнага фільма «З глыбінь жыцця», падрыхтаванага Мінскай студыяй навукова-папулярных і хранікальна-дакументальных фільмаў у далёкім 1962 годзе. Гэтыя старыя кадры захавалі імгненні з жыцця Рыгора Раманавіча Шырмы і яго харавой капэлы.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў круглага стала звярнулася загадчыца кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Таццяна Марозава. Яна адзначыла важнае месца, якое займае асоба Рыгора Шырмы ў беларускай культуры і значэнне яго творчай спадчыны для вывучэння беларускага фальклору на філалагічным факультэце БДУ.

Успамінамі пра Рыгора Шырму падзяліўся доктар філалагічных навук, прафесар Вячаслаў Рагойша. Ён расказаў, як яшчэ будучы студэнтам, а пасля аспірантам нашага філалагічнага факультэта, сустракаўся, гутарыў з ужо шырока вядомым на той час кампазітарам і знаўцам беларускага песеннага фальклору, а таксама пра дапамогу ў падрыхтоўцы да выдання збору беларускіх песень, якую аказалі Р. Р. Шырму студэнты-філфакаўцы.

Прэзентацыю выдатнай кніжнай выставы правяла загадчыца аддзела абслугоўвання філалагічнага і эканамічнага факультэтаў Фундаментальнай бібліятэкі БДУ Жанна Карповіч. Сярод экспанатаў былі прадстаўленыя кнігі, падрыхтаваныя самім Рыгорам Шырмам, а таксама выданні, якія захоўваюць успаміны пра Рыгора Шырму яго сучаснікаў, даследаванні яго творчасці.

У працы круглага стала прыняла ўдзел загадчыца навукова-даследчага аддзела, дацэнт кафедры гісторыі музыкі і музычнай беларусістыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Лілія Баранкевіч. Удзельнікам была прапанаваная цікавая відэапрэзентацыя, прысвечаная памяці Рыгора Шырмы, «Час. Людзі. Сустрэчы», з якой слухачы даведаліся пра лёс аднаго твора, запісанага Рыгорам Шырмам. Гэта «Псальма пра Святога Юр’я і цмока». Дзякуючы відэапрэзентацыі, слухачы таксама атрымалі магчымасць пачуць гэты твор у выкананні сучасных беларускіх лірнікаў.

Пра арганізацыю і працу Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі з міжнародным удзелам «Шырмаўскія чытанні», якія з 1999 года рэгулярна праходзяць на філалагічным факультэце БДУ, расказала кандыдат філалагічных навук, дацэнт Вольга Прыемка.

З кароткімі паведамленнямі пра асэнсаванне творчай спадчыны Рыгора Шырмы на старонках навуковага зборніка «Фалькларыстычныя даследаванні» выступілі студэнты 2 курса спецыяльнасці «Славянская філалогія» Кацярына Булыгіна, Раман Герасімук, Аляксандра Балацевіч, а таксама студэнтка 3 курса спецыяльнасці «Руская філалогія» Анастасія Шурко.

Завяршылася пасяджэнне круглага стала відэавыступленнем Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы ім. Р. Шырмы пад кіраўніцтвам Вольгі Янум. Зараз капэла працуе ў складзе Беларускай дзяржаўнай філармоніі і мае багаты рэпертуар, у які ўваходзяць класічныя і народныя творы, у тым ліку песні, апрацаваныя і падрыхтаваныя для харавога выканання Рыгорам Шырмам.

28 11 2022

Image

Рэсурсы

Image
Image