10 лютага на філалагічным факультэце прайшлі Мележаўскія чытанні, прысвечаныя 95-годдзю з дня нараджэння класіка. Мерапрыемства было зладжана кафедрай беларускай літаратуры і культуры для студэнтаў 2 беларускага і 3 славянскага аддзяленняў. Сярод гасцей, апрача членаў згаданай кафедры, прысутнічалі к. філал. н., дацэнт кафедры беларускай літаратуры і культуры БДПУ Жардзецкая А.У.; старшы выкладчык кафедры раманскага мовазнаўства Аўдзей І.М.; супрацоўнікі бібліятэкі філалагічнага факультэта, дзякуючы якім удзельнікі чытанняў маглі азнаёміцца з юбілейнай кніжнай выставай.
З цёплым вітальным словам выступіў намеснік дэкана, к. філал. н., дацэнт П.І. Навойчык. Ён падкрэсліў значнасць правядзення такога мерарыемства менавіта на нашым факультэце, дзе І.П. Мележ вучыўся і пэўны час працаваў.
Усім прысутным былі прапанаваныя для прагляду ўрыўкі з фільма Віктара Турава, знятага паводле рамана “Людзі на балоце”. Сцэны вяселля Ганны і Яўхіма, сустрэчы Ганны з Васілём кранулі не толькі студэнтаў, але і выкладчыкаў, якія бачылі іх не ў першы раз.
Доктар філалагічных навук, прафесар Л.Д. Сінькова ў сваім выступе вызначыла заслугі І. Мележа перад беларускай культурай. Менавіта аўтар “Палескай хронікі”, паводле Л.Д. Сіньковай, дапамагае беларусам пераадолець комплекс вышэйшасці над сялянскім і лакейства перад чужым. На думку выступоўцы, творы Мележа застаюцца актуальнымі і непераўзыдзенымі дзякуючы глыбіні і сапраўднасці перададзеных у іх пачуццяў.
Ва ўспамінах загадчыцы кафедры беларускай літаратуры і культуры, доктара філалагічных навук Т.І. Шамякінай прагучалі цікавыя прыватныя звесткі, звязаныя з жыццём Івана Мележа, які ў свой час сябраваў з яе бацькам Іванам Шамякіным. Яны былі суседзямі не толькі па знакамітым пісьменніцкім доме (на Карла Маркса, 36 у Мінску), але і суседзямі па лецішчы.
Т.І. Шамякіна назвала І. Мележа самым нацыянальным беларускім пісьменнікам.
З цікавасцю слухалі студэнты аповед к. філал. н., дацэнта А.Л. Вераб’я, які пракаментаваў урыўкі з фільма і ў змястоўным дакладзе з запалам раскрываў таямніцы біяграфіі творцы.
К. філал. н., дацэнт У.А. Навумовіч распавёў пра незвычайнасць творчага лёсу пісьменніка. Напрыклад, прысвечанае К. Чорнаму апавяданне Мележа “У завіруху” выйшла ў адным нумары з некралогам на смерць К. Чорнага. Па фатальнасці лёсу з І. Мележам маглі паспаборнічаць хіба В. Быкаў і А. Макаёнак.
Падчас выступу дакладчыкаў на экране транслявалася падрыхтаваная А.Л. Вераб’ём і К. Біруляй прэзентацыя. Былі паказаны рарытэтныя фотаздымкамі І. Мележа з уласнага архіву Т.І. Шамякінай.
{gallery}2016-02-22{/gallery}


BY

