У Цукубскім універсітэце (Японія) выйшла кніга для вывучэння беларускай мовы японцамі, яна атрымала назву «Спрабуйма!» (Такая лаканічная назва замяняе разгорнутую фразу «Давайце паспрабуем вывучыць асновы беларускай мовы разам!»). Гэта першы практычны дапаможнік пачатковага курса беларускай мовы ў Японіі. Кніга стала вынікам рэалізацыі дамовы аб супрацоўніцтве, якая была заключана ў 2012 г. у Мінску паміж Цукубскім універсітэтам і БДУ.
Аўтарамі дапаможніка з’яўляецца беларуска-японскі тандэм: дацэнт кафедры сучаснай беларускай мовы БДУ Таццяна Рамза і аспірантка Цукубскага ўніверсітэта, вучаніца Т.Р.Рамзы, Сіёры Кіёсава. Навуковы рэдактар кнігі і ўласна ініцыятар выдання – прафесар Цукубскага ўніверсітэта Тасінобу Усуяма. Сіёры Кіёсава была першай студэнткай па абмене з Цукубскага ўніверсітэта, якая стажыравалася на філалагічным факультэце БДУ і вывучала беларускую мову. У сваёй прадмове да выдання Тасінобу Усуяма зазначыў: «…удадзенай кнізе паспяхова злучаюцца шматгадовая практыка ў галіне выкладання беларускай мовы і дасягненні ў гэтай сферы спадарыні Рамза ды глыбокае разуменне моўнага чуцця японскіх навучэнцаў спадарыні Кіёсава. Шчыра спадзяюся, што выданне гэтага падручніка паспрыяе пашырэнню цікавасці да моў, культуры, грамадства, гісторыі ды іншых разнастайных бакоў жыцця Беларусі не толькі сярод студэнтаў нашага ўніверсітэта, але і ўвогуле сярод японцаў. Маю таксама надзею, што падручнік будзе садзейнічаць далейшаму развіццю сяброўскіх адносін паміж Японіяй і Беларуссю».
Свет пабачыла першая частка дапаможніка, другая частка рыхтуецца да друку.
{gallery}2016-03-30{/gallery}


BY 
