20 мая адбыліся Навуковыя чытанні, прысвечаныя 85-годдзю з дня нараджэння Алега Антонавіча Лойкі, прафесара, доктара філалагічных навук, які звыш 50 гадоў працаваў на філалагічным факультэце БДУ. Ён быў адным з дэканаў нашага факультэта (1991 - 1996 гг.), загадчыкам кафедры гісторыі беларускай літаратуры (1985 - 1999 гг.), таленавітым выкладчыкам, шматграннай творчай асобай, сапраўдным філолагам і Чалавекам з вялікай літары, надзеленым надзвычайным чалавекалюбствам, дабрынёй, аптымізмам, жыццялюбствам і іншымі лепшымі чалавечымі якасцямі. У пачатку мая яму споўнілася б 85…
Прырода шчодра адарыла яго талентам і выключнай працавітасцю. Ён з’яўляецца аўтарам падручнікаў і манаграфій па беларускай літаратуры, шматлікіх літаратуразнаўчых прац, а таксама - звыш 50 паэтычных зборнікаў і двух мастацка-дакументальных раманаў, прысвечаных Я. Купалу і Ф. Скарыне, выдадзеных у серыі “Жыццё знакамітых людзей”.
Ён быў з кагорты карыфеяў, набраных на кафедру беларускай літаратуры М.Р.Ларчанкам, - працаваў поруч з І.Я. Навуменкам, С.Х. Александровічам, К.Р. Хромчанкам, В.В. Казловай і інш.
На мерапрыемстве прагучалі цёплыя і шчырыя ўспаміны сяброў і калег Алега Антонавіча. Адкрыў чытанні дэкан філалагічнага факультэта, доктар філалагічных навук, прафесар І.С.Роўда; выступілі доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры тэорыі літаратуры В.П. Рагойша, доктар філалагічных навук, прафесар А.І.Бельскі, дацэнты А.Л.Верабей і У.А.Навумовіч, старшы выкладчык Л.У. Карпава, а таксама былы галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова” М.М. Шавыркін.У мерапрыемстве прынялі ўдзел студэнты: М. Комлік і К. Куневіч (2 курс, “Беларуская філалогія”) прачыталі на памяць вершы А.А. Лойкі, Ю.Іванова (5 курс, “Рамана-германская філалогія”) прааналізавала яго перакладчыцкае майстэрства. Арганізаваў і вёў мерапрыемства дацэнт кафедры беларускай літаратуры і культуры А.Л.Верабей.
{gallery}2016-05-23{/gallery}


BY

