16 лютага 2018 г. на філалагічным факультэце (у 12.45, аўд. 304) адбудзецца прэзентацыя новага перакладу кнігі Псалтыр на беларускую мову.
Гэта новая праца трох вядомых у краіне навукоўцаў – доктара філалагічных навук прафесара Мікалая Прыгодзіча, кандыдата гістарычных навук магістра тэалогіі Уладзіслава Завальнюка і настаўніцы-беларусаведа Валянціны Раманцэвіч. Душой і натхніцелем творчага калектыву з’яўляецца ксёндз-пробашч Мінскага касцёла Святога Сымона і Святой Алены Уладзіслаў Завальнюк, які з 1989 г. знаходзіцца ля вытокаў перакладаў і выданняў на сучаснай беларускай мове тэкстаў, малітваў, рэлігійных (святых) кніг, з’яўляецца аўтарам і суаўтарам некалькіх дзясяткаў прац навукова-тэалагічнага і навучальнага характару. Менавіта яму і лінгвістам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта належыць ідэя стварэння “Слоўніка сучаснай беларускай мовы” (2009, 2-е выд. 2010), у якім упершыню ў лексікаграфічнай практыцы было прадстаўлена амаль 650 спецыфічных слоў рэлігійнай лексікі. Ажно некалькі дзясяткаў рэцэнзій і водгукаў у айчыннай і замежнай прэсе атрымаў “Энцыклапедычны слоўнік рэлігійнай лексікі беларускай мовы” (2013) гэтых жа аўтараў. Супольным клопатам лінгвістаў з БДУ і Камісіі па перакладзе пры Чырвоным касцёле стала выданне рэлігійнай літаратуры на сучаснай беларускай літаратурнай мове, адзінай і непадзельнай на тэрыторыі Беларусі незалежна ад канфесійнай прыналежнасці перакладчыкаў і складальнікаў тэкстаў. Фактычна ж атрымалася так, што на сённяшні дзень і Праваслаўная Царква, і Каталіцкі Касцёл выкарыстоўваюць кожны сваю беларускую мову. Намаганні У.Завальнюка, М.Прыгодзіча і В.Раманцэвіч накіраваны менавіта на забеспячэнне ў Хрысціянскай Царкве Беларусі адзінага моўнага рэжыму, які датычыцца як навучання, так і друкаваных беларускамоўных выданняў. Падрыхтаваны пераклад Псалтыра – яшчэ адна спроба ўніверсітэцкіх навукоўцаў і Чырвонага Касцёла да паяднання перакладчыцкіх калектываў для выпрацоўкі і выкарыстання ў хрысціянскім набажэнстве сапраўды адзіных нормаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы.
Асновай для гэтага перакладу Псалтыра сталі беларускамоўнае выданне “Літургія Гадзінаў: Паводле Рымскага абраду” (Мінск, 2012) і рускамоўны тэкст Бібліі (Масква, 2006). Рукапіс перакладу быў абмеркаваны і ўхвалены ўдзельнікамі круглага стала “Псалтыр у гісторыі Хрысціянства Беларусі”, пасяджэнне якога адбылося на філалагічным факультэце БДУ 8 снежня 2017 г.
У склад гэтага выдання разам з перакладам Псалтыра увайшлі раздзелы “Прадмова і пасляслоўе Скарыны да Псалтыра”, “Жыціе цара Давіда, прарока і псалмаспевака”, “Ушанаванне цара Давіда ў іканаграфіі і выяўленчым мастацтве”, а таксама “Кароткі тлумачальны слоўнік”. Склад выдання абумоўлены імкненнем аўтараў не толькі пазнаёміць чытачоў з беларускамоўнай версіяй перакладу Псалтыра, але і па магчымасці прадставіць шырокі культуралагічны кантэкст стварэння і бытавання гэтага твора, жыццёвыя пуцявіны складальніка песнапенняў цара Давіда. Важнае значэнне аўтары надаюць кароткаму тлумачальнаму слоўніку, у якім прыведзены біяграфічныя звесткі пра канкрэтных біблейскіх асоб, назвы паселішчаў і тагачасных краін, канкрэтных рэчаў і прадметаў рэлігійнага прызначэння, некаторых культавых збудаванняў і інш.
Значнае месца ў падрыхтаванай кнізе займае асоба Францыска Скарыны і здзейсненае ім выданне Псалтыра (1517). Не выпадкова і тое, што прэзентуемы сучасны пераклад пабачыў свет у 2017 г., калі адзначалася 500-годдзе пачатку беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання.
Выданне падрыхтавана паводле нормаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы згодна з патрабаваннямі Закона Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” ад 23 ліпеня 2008 г. і ўведзенага ў дзеянне з 1 верасня 2010 г.
Запрашаем усіх зацікаўленых на сустрэчу!


BY 
