16 кастрычніка 2018 года на філалагічным факультэце БДУ прайшло першае ў 2018–2019 навучальным годзе пасяджэнне навукова-практычнага семінара “Сучасная фалькларыстыка, міфалогія, этналогія: пазітыўныя, негатыўныя, супярэчлівыя вектары руху”. Семінар арганізаваны ў межах працы Кансультацыйнага цэнтра па праблемах фальклору (кіраўнік Цэнтра – доктар філалагічных навук, прафесар Шамякіна Таццяна Іванаўна). Яго мэта – 1) абмеркаванне міждысцыплінарных (інтэграцыйных) метадаў даследавання фальклору; 2) высвятленне негатыўных з’яў у навуцы; 3) папулярызацыя пазітыўных здабыткаў у фалькларыстыцы; 4) распаўсюджанне ведаў пра народную культуру і папулярызацыя народнай творчасці.

Арганізатарамі семінара выступілі фалькларысты кафедры тэорыі літаратуры і супрацоўнікі Вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору.
На семінары прысутнічалі студэнты, магістранты, выкладчыкі філалагічнага факультэта, навукоўцы з Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН РБ.
З праблемным дакладам “Спрэчныя пытанні фалькларыстыкі” выступіла кандыдат філалагічных навук, дацэнт, вядучы навуковы супрацоўнік філалагічнага факультэта БДУ Рыма Мадэстаўна Кавалёва. Спрэчныя пытанні разглядаліся ў аспекце суадносінаў генааўтара, фальклорнага аўтара, ідэальнага і ненадзейнага выканаўцаў. Праблема вырашалася згодна з парапанаванай універсальнай схемай, якая выпрацоўвалася разам з прысутнымі. У сферы слоўнага мастацтва прапанавалася, акрамя фальклору і літаратуры, вылучаць ініцыярную сферу творчасці і фігуру генааўтара. Увядзенне фігуры ініцыярнага генааўтара дазваляе ў новым святле ўбачыць таксама і гісторыю літаратуры.
Напрыканцы з заключным словам да прысутных звярнулася Вольга Віктараўна Прыемка, дацэнт кафедры тэорыі літаратуры БДУ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, якая ўказала на ролю Рымы Мадэстаўны Кавалёвай у распрацоўцы ініцыярнай сферы і фігуры генааўтара ў фальклоры і літаратуры.

Арганізатары навукова-практычнага семінара запрашаюць усіх зацікаўленых у распаўсюджанні ведаў пра народную культуру і папулярызацыі народнай творчасці да супрацоўніцтва. Даведку можна атрымаць па тэлефоне (8017) 380-57-46 або па адрасе


BY 
