21 лютага на філалагічным факультэце БДУ ў межах Тыдня беларускай мовы прайшла сустрэча беларускіх і замежных пісьменнікаў «Дыялог праз творчасць». Адбылася прэзентацыя калектыўнага зборніка жаночай прозы пра каханне «Update» ў перакладзе на беларускую мову.
Сустрэчу ўступным словам пачаў загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры прафесар А. І. Бельскі, які падкрэсліў ролю пісьменніка ў дыялогу літаратур і культур, адзначыў, што мастацкі пераклад дазваляе знайсці аматараў і прыхільнікаў літаратурнага слова ў Беларусі, спрыяе наладжванню прафесійных сувязяў, творчых кантактаў. Цёпла прывітаў гасцей намеснік дэкана філалагічнага факультэта БДУ дацэнт П. І. Навойчык, які выказаў думку аб прадуктыўнасці міжкультурнага дыялогу і ўзаемадзеяння літаратур.
Затым выступіла Зоя Падліпская — беларуская пісьменніца, публіцыст, якая расказала аб ідэі і канцэпцыі сумеснага міжнароднага кніжнага праекта «Update», што ў перакладзе азначае «Абнаўленне». Пісьменнікі замежжа Лара Продан (ЗША), Вікторыя Левіна (Ізраіль) гаварылі пра вечныя каштоўнасці ў літаратуры, пра тое, што аб’ядноўвае ўсіх людзей. Асабліва яркім было выступленне Сафіі Ворса, маладога беларускага аўтара кніг для падлеткаў, пераможцы шматлікіх міжнародных літаратурных конкурсаў, лаўрэата спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
З беларускага боку ў сустрэчы прынялі ўдзел пісьменнік-раманіст, даследчык літаратуры Уладзімір Навумовіч, даследчык гісторыі перакладу, дацэнт Анатоль Верабей, паэтка і перакладчык Ірына Багдановіч і інш.
Мерапрыемства скончылася аўтограф-сесіяй, усе жадаючыя змаглі атрымаць кнігі з дарчым надпісам ад аўтараў. У літаратурнай сустрэчы бралі ўдзел выкладчыкі і студэнты філфака, настаўнікі (нам. дырэктара школы А. М. Лытко, настаўнік-метадыст А. К. Пекач і інш.) і адораныя навучэнцы школ г. Мінска (сярэдняй школы № 168, ліцэя № 2, Ліцэя БДУ, гімназіі № 4 і інш.). Адбыліся зацікаўленыя гутаркі выкладчыкаў з навучэнцамі, былі выказаны парады і пажаданні.
Далей быў наладжаны круглы стол, прысвечаны літаратурнаму перакладу. Беларускія і замежныя ўдзельнікі гаварылі аб праблемах мастацкага перакладу, моўным феномене асобы перакладчыка, уплыве перакладу на арыгінальную творчасць і г. д. Вікторыя Левіна, якая сама перакладае з васьмі замежных моў, выказала радасць у сувязі з тым, што яе тэксты перакладзены на беларускую мову, а кніга «Update» выйшла ў Беларусі, на радзіме яе продкаў.



BY 
