З вопыту прафарыентацыі афлайн і анлайн

На працягу некалькіх месяцаў ажыццяўляецца супрацоўніцтва паміж кафедрай рускай мовы філалагічнага факультэта і ўпраўленнем па адукацыі Пінскага гарвыканкама – базавай арганізацыяй БДУ, адкрытай на пачатку 2021 г. Па ініцыятыве дацэнта Вольгі Уладзіміраўны Зуевай у лютым і красавіку былі праведзены вочныя метадычныя семінары для настаўнікаў г. Пінска, прысвечаныя пытанням падрыхтоўкі вучняў да выканання лінгвістычных заданняў і напісання водгуку на Рэспубліканскай алімпіядзе па рускай мове і рускай літаратуры. У кожным мерапрыемстве прынялі ўдзел каля 30 педагогаў з розных школ горада. Сярэднія школы № 1 і № 11 сталі пляцоўкамі для правядзення заняткаў і гасцінна сустрэлі выкладчыкаў. Пасля семінараў В. У. Зуева распавяла калегам пра сучасную падрыхтоўку філолагаў у БДУ, адказала на пытанні аб спецыяльнасцях і кірунках навучання.

Сустрэчы ў вочным фармаце не заўсёды магчымыя. Пры ўсіх непазбежных і добра вядомых недахопах анлайн-камунікацыі здольнасць пераадолець прастору і запрасіць да жывога дыялогу людзей, якія знаходзяцца далёка адзін ад аднаго, з’яўляецца яе бясспрэчнай перавагай. У межах супрацоўніцтва з новай базавай арганізацыяй дацэнтам В. У. Зуевай у сакавіку былі праведзены анлайн-майстар-класы для навучэнцаў 9–10 класаў г. Пінска па тэхніцы напісання водгуку, аналізу мастацкага тэксту і развіццю культуры пісьмовай мовы. Арганізаваная на платформе Zoom відэаканферэнцыя прадэманстравала будучым абітурыентам эфектыўнасць дыстанцыйнага навучання ў БДУ.

Магчымасці паспяховага выкарыстання адукацыйнай платформы Moodle пры вырашэнні задач прафарыентацыі ў поўнай меры рэалізуюцца ў рабоце Школы юнага русіста. Старшым выкладчыкам кафедры рускай мовы Алай Аляксандраўнай Занкавец на пачатку навучальнага года быў распрацаваны і ўкаранёны навучальны курс, і кожны тыдзень праходзіць анлайн-сустрэча школьнікаў (не толькі мінскіх, але і з іншых гарадоў) з выкладчыкамі кафедры рускай мовы – куратарамі Школы. Юныя філолагі слухаюць і абмяркоўваюць навукова-папулярныя лекцыі, якія ім чытаюць выкладчыкі (А. А. Занкавец размяшчае свае відэалекцыі на YouTube), выконваюць практычныя заданні, атрымліваюць кансультацыі па пытаннях, якія іх цікавяць, і, магчыма, падмацоўваюць сваё імкненне прафесійна займацца філалогіяй. Колькасць слухачоў Школы юнага русіста расце, і гэта адбываецца дзякуючы зручнасці анлайн-камунікацыі і ўважлівым адносінам арганізатараў праекта да свайго тварэння.

1 Семинар

2 Семинар

3 ШЮФ