Сэрвісы

200 гадоў Ф.М. Дастаеўскаму, або Як адсвяткавала дзень нараджэння класіка кафедра рускай літаратуры БДУ

У лістападзе 2021 года ўвесь культурны свет далучыўся да святкавання знакавай падзеі – 200-годдзя з дня нараджэння вялікага пісьменніка Ф.М. Дастаеўскага. Праходзілі міжнародныя канферэнцыі, круглыя сталы, навуковыя сустрэчы...

Кафедра рускай літаратуры БДУ адсвяткавала 200-гадовы юбілей рускага класіка адразу некалькімі значнымі мерапрыемствамі.

11 лістапада – у дзень 200-годдзя Ф.М. Дастаеўскага – загадчыца кафедры Л.Л. Аўдзейчык і дацэнты Т.П. Сідарава і Л.В. Камлюк-Ярашэнка арганізавалі і правялі ў дыстанцыйным рэжыме круглы стол «Дзень Нараджэння Ф.М. Дастаеўскага: творчасць пісьменніка ўчора, сёння, заўтра».

Задачы арганізатараў – узгадаць пра спадчыну вялікага рускага пісьменніка і мысліцеля, разгледзець рэцэпцыю яго творчасці ў сусветнай літаратуры і філасофіі, стымуляваць інтарэс навучэнцаў і студэнтаў да навуковай дзейнасці па вывучэнні твораў Дастаеўскага, развіваць любоў да слова і мыслення, фарміраваць навык удумлівага чытання і каментавання – былі выкананыя цалкам.

Вялікую цікаўнасць і водгук удзельнікаў выклікаў даклад запрошанага спікера – пісьменніка і публіцыста, архімандрыта Савы Мажука. Яго выступ стаўся глыбокім багаслоўска-літаратуразназчым аналізам матываў і вобразаў мастацкага свету Ф.М. Дастаеўскага. Слухачы задавалі пытанні і выказалі спадзяванне на працяг такіх сустрэч, дзе руская літаратура, філасофія і рэлігія будуць разглядацца ў адзіным кантэксце.

Загадчыца кафедры рускай літаратуры к.ф.н., дацэнт Л.Л. Аўдзейчык пазнаёміла слухачоў з рэцэпцыяй Ф.М. Дастаеўскага ў метакрытыцы філосафа і паэта, сябра пісьменніка У.С. Салаўёва. Тэму ўплыву асобы і ідэй Дастаеўскага на аўтараў ХХ стагоддзя працягнула дацэнт кафедры рускай літаратуры к.ф.н., дацэнт Т.П. Сідарава, прадставіўшы даклад «Н.Д. Гарадзецкая пра Ф.М. Дастаеўскага: да ідэі кенозіса ў жыцці і творчасці».

Круглы стол, прымеркаваны да 200-годдзя Ф.М. Дастаеўскага, стаў сапраўдным вечарам памяці вялікага мысліцеля, аб’яднаўшы разам не толькі выкладчыкаў рускай літаратуры, студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў філалагічнага факультэта БДУ, але і настаўнікаў Беларусі і іх вучняў. Сярод іх – Н.М. Чорная (Прылуцкая СШ), Н.У. Камінская (гімназія № 1 г. Чэрвеня), С.В. Дарафеева (ДУА «ЯСБШ 15 г. Полацка»), В.І. Кіслушка (нядзельная школа прыхода царквы Раства Прасвятой Багародзіцы), В.А. Іаскевіч (дацэнт кафедры рускай філалогіі ГрДУ), Л.А. Яршова (Мінскі дзяржаўны абласны ліцэй).

Мерапрыемства атрымалася цікавым і змястоўным не толькі ў навукова-даследчым, але і ў маральна-эмацыйным плане, бо творчасць Ф.М. Дастаеўскага – гэта велізарны сусвет чалавечага розуму і сэрца.

А 19 лістапада 2021 года намаганнямі арганізатараў – Л.Л. Аўдзейчык, В.У. Зуевай і Л.В. Камлюк-Ярашэнка – адбылася выязная экскурсія выкладчыкаў філалагічнага факультэта і студэнтаў-філолагаў у а.г. Дастоева. У межах экскурсіі прайшло знаёмства ўдзельнікаў паездкі з захавальнікам фондаў Дастаеўскага Валянцінай Уладзіміраўнай Путцыковіч, якая правяла грунтоўную экскурсію па музеі Дастаеўскага, паказала рэдкія экспанаты, у тым ліку факсімілле вядомага Евангелля Дастаеўскага, прадставіла лекцыю-прэзентацыю па творчасці пісьменніка, расказала пра планы па развіцці музея.

Студэнты і выкладчыкі ўрачыста ўсклалі кветкі да помніка Дастаеўскаму, зрабілі фота, абмяняліся кантактамі з кіраўніцтвам адзінага ў Беларусі музея Дастаеўскага і выказалі спадзяванні на далейшае супрацоўніўтва.

На зваротным шляху ўдзельнікі паездкі наведалі музей вядомага беларускага мастака і грамадскага дзеяча Напалеона Орды.

Студэнты засталіся пад вялікім уражаннем ад паездкі, дзякавалі арганізатарам і цяпер вядуць працу над рэпартажамі паездкі, якія ў хуткім часе будуць размешчаны на сайце ўніверсітэта, а таксама распрацоўваюць новыя маршруты.

Першы рэпартаж студэнткі 4 курса Паліны Басалыга «Некалькі слоў пра славутасці Палесся».

Падзяку выкладчыкам БДУ выказала і Прылуцкая сярэдняя школа, педагог якой Н.В. Скавінская ў межах супрацоўніцтва ўніверсітэта са школамі Мінскай вобласці таксама брала ўдзел у паездцы: «Супрацоўніцтва з філалагічным факультэтам БДУ стала добрай традыцыяй для настаўнікаў рускай мовы і літаратуры ДУА «Прылуцкая сярэдняя школа». 19 лістапада адбылася сумесная паездка ў а.г. Дастоева Іванаўскага раёна. Менавіта там, у невялікай вясковай школе, знаходзіцца цудоўны музей, фонды якога налічваюць больш за 3 тысячы экспанатаў, сярод якіх нямала артэфактаў, перададзеных сваякамі Ф.М. Дастаеўскага. У гэтым годзе адзначаюцца дзве юбілейныя даты: 515 гадоў роду Дастаеўскіх і 200 гадоў з дня нараджэння вялікага пісьменніка. Хочацца выказаць вялікую падзяку ўсім, хто падарыў нам магчымасць здзейсніць гэтае падарожжа ў часе і адчуць непарыўную сувязь з нашым геніяльным земляком».

Будзем спадзявацца на далейшае супрацоўніцтва і развіццё літаратурнага турызму ў нашым універсітэце!

 IMG 1090

IMG 1094

IMG 1096

IMG 1106

IMG 1158

IMG 1205

Image

Рэсурсы

Image
Image