2 лютага кафедра класічнай філалогіі правяла круглы стол на тэму «Методыка выкладання медыцынскай лаціны». Мерапрыемства прайшло ў вочна-дыстанцыйным фармаце. У ім прынялі ўдзел выкладчыкі кафедры класічнай філалогіі, якія спецыялізуюцца на медыцынскай лаціне, а таксама іх калегі з БДМУ і Мінскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа.
Мэтай круглага стала было абмеркаванне асаблівасцей выкладання лаціны на медыцынскіх спецыяльнасцях у вышэйшых і сярэдніх навучальных установах, абмен практычным вопытам. Таксама ўвага надавалася прафарыентацыі студэнтаў спецыяльнасці «Класічная філалогія» (паколькі некаторыя выпускнікі будуць выкладаць лацінскую мову ў адукацыйных установах медыцынскага профілю).
На правах арганізатара мерапрыемства першай выступіла загадчыца кафедры класічнай філалогіі БДУ В.Г. Пракапчук, якая прывітала ўдзельнікаў круглага стала і перадала слова загадчыцы кафедры лацінскай мовы БДМУ Н.А. Круглік. Пасля прывітальнага слова Н.А. Круглік расказала аб асаблівасцях арганізацыі вучэбна-метадычнай і навукова-даследчай работы, пазнаёміла з адпаведнай дакументацыяй, а таксама вучэбнымі дапаможнікамі выкладчыкаў кафедры лацінскай мовы. Удзельнікі сустрэчы абмяняліся заўвагамі адносна колькасці гадзін, якія выдзяляюцца на вывучэнне дысцыпліны «Лацінская мова» на розных спецыяльнасцях у БДМУ.
Дацэнт А.У. Кірычэнка і старшы выкладчык Н.В. Пратасевіч (БДУ) прэзентавалі вучэбна-метадычныя дапаможнікі медыка-біялагічнага профілю, выдадзеныя на кафедры класічнай філалогіі, падрабязна расказаўшы аб тым, з якой мэтай і як яны ствараліся, а таксама аб аўтарскіх знаходках у арганізацыі і прадстаўленні навучальнага матэрыялу. Так, упершыню выкладчыкі кафедры сутыкнуліся з неабходнасцю ў вучэбна-метадычным забеспячэнні курса «Лацінская мова» медыцынскай накіраванасці ў 2000 г., калі ў БДУ быў адкрыты факультэт фундаментальнай і нетрадыцыйнай медыцыны. З метадычнай арганізацыяй навучальнага працэсу выкладчыкам кафедры класічнай філалогіі тады вельмі дапамаглі калегі з БДМУ і асабліва дацэнт А.З. Цісык (у той час загадчык кафедры лацінскай мовы), якога без перабольшання можна назваць заснавальнікам беларускай школы выкладання медыцынскай і біялагічнай лаціны. А.З. Цісык – складальнік тыпавых праграм па лацінскай мове для вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў медыцынскага профілю ў Беларусі, а таксама аўтар мноства вучэбных дапаможнікаў і спецыяльных тэрміналагічных слоўнікаў, які выхаваў не адно пакаленне выкладчыкаў лаціны, у тым ліку і медыцынскай. У цяперашні час дысцыпліна «Лацінская мова» медыцынскай накіраванасці чытаецца ў БДУ на некалькіх спецыяльнасцях хімічнага факультэта, а «Лацінская мова» біялагічнай накіраванасці — на біялагічным факультэце. Выданні кафедры класічнай філалогіі поўнасцю задавальняюць патрэбы ў навукова-метадычным забеспячэнні дадзеных дысцыплін. Асобна аўтары даклада адзначылі ЭВМК «Біялагічная лаціна» для студэнтаў спецыяльнасці «Класічная філалогія», які аб'яднаў шматгадовыя напрацоўкі выкладчыкаў кафедры па курсе лацінскай мовы для біёлагаў.
Дацэнт А.Л. Кузняцова (БДМУ) выступіла з дакладам «Выхаваўчая работа кафедры лацінскай мовы БДМУ». Даклад суправаджаўся маляўнічай прэзентацыяй, якая прадставіла справаздачу аб вучэбна-выхаваўчых мерапрыемствах, што праводзяцца кафедрай, у тым ліку з удзелам замежных студэнтаў. Такія мерапрыемствы дапамагаюць устанавіць асабісты кантакт з замежнікамі, спрыяюць іх лепшай адаптацыі і павышаюць цікавасць да вывучэння лацінскай мовы. У ходзе абмеркавання ўдзельнікі круглага стала дамовіліся аб арганізацыі сумесных падобных мерапрыемстваў.
А.Дз. Пісарук (старшы выкладчык кафедры лацінскай мовы БДМУ і саіскальнік кафедры класічнай філалогіі БДУ) апісала асаблівасці выкладання медыцынскай лаціны замежным студэнтам, якія навучаюцца на англійскай мове.
Вялікую цікавасць у слухачоў выклікаў даклад «Выкарыстанне міждысцыплінарных сувязяў на занятках па лацінскай мове і медыцынскай тэрміналогіі» выкладчыка МДМК Ю.С. Пузанайтэ. Яна падзялілася сваім досведам пераадолення складанасцей, звязаных з успрыманнем навучэнцамі прадмета, які не мае практычнага прымянення і характарызуецца састарэлымі традыцыямі выкладання. Ю.С. Пузанайтэ прапанавала канкрэтныя рашэнні, закліканыя актывізаваць вучэбна-пазнавальную дзейнасць студэнтаў (напрыклад, устанаўленне міждысцыплінарных сувязей з курсам медыцынскай тэрміналогіі), і прывяла прыклады інавацыйных заданняў, здольных зацікавіць сучасных навучэнцаў.
Дацэнт К.В. Стрыга (БДУ) расказала аб дысцыплінах спецыялізацыі «Медыцынская лаціна» і «Біялагічная лаціна» (для студэнтаў спецыяльнасці «Класічная філалогія»), аб кампетэнцыях, якія дадзеныя дысцыпліны павінны сфарміраваць, аб размеркаванні гадзін, а таксама падзялілася прыкладамі заданняў новага тыпу (у тым ліку эўрыстычных).
Удзельнікі круглага стала засталіся задаволеныя вынікамі работы і вырашылі праводзіць такія мерапрыемствы часцей. Будучыя выпускнікі спецыяльнасці «Класічная філалогія» атрымалі лепшае ўяўленне аб методыцы выкладання лацінскай мовы ў медыцынскіх ВНУ і ССНУ, а таксама карысныя веды, якія можна прымяніць у рабоце ўжо ў наступным навучальным годзе.






BY 
