20 красавіка 2022 г. студэнты спецыяльнасці «Класічная філалогія» прынялі ўдзел у 74-й Усерасійскай (з міжнародным удзелам) навуковай канферэнцыі навучэнцаў і маладых вучоных. У секцыі «Грэка-рымская спадчына ў сусветнай культуры: традыцыі і сучаснасць» з дапамогай тэхналогіі Zoom выступілі студэнты 1-га курса спецыяльнасці «Класічная філалогія» з дакладамі: «Асаблівасці цытацыі грэчаскага тэксту Бібліі на прадметах рэлігійнага ўжытку (на прыкладзе энкалпіёна з калекцыі Мінскай духоўнай акадэміі)» (Уладзімір Грыцэвіч) і «Лацінамоўныя надпісы Нясвіжскага касцёла (Беларусь): досвед класіфікацыі» (Мацвей Драгун). Даследаванні праводзіліся ў рамках рэалізацыі праекта «Лаціна- і грэкамоўныя надпісы ў храмавай культуры Беларусі», які ўдзельнічае ў конкурсе на лепшы маладзёжны праект у БДУ.
Даклады беларускіх удзельнікаў выклікалі цікавасць аўдыторыі і ажыўленую дыскусію. Журы секцыі, у якое ўвайшлі супрацоўнікі кафедры класічнай філалогіі, рускай літаратуры і журналістыкі Інстытута філалогіі ПетрДУ, высока ацаніла даследаванні студэнтаў БДУ: даклад М. Драгуна заняў 2-е месца, даклад У. Грыцэвіча – 3-е месца. Матэрыялы дакладаў будуць апублікаваны ў Зборніку лепшых дакладаў канферэнцыі. Прыз глядацкіх сімпатый дастаўся М. Драгуну.
Віншуем нашых хлопцаў і жадаем ім далейшых поспехаў у навуковай дзейнасці!