13 верасня 2022 года на філалагічным факультэце БДУ адбыўся форум «Фальклор, час і мы». Арганізатарамі форуму традыцыйна выступілі кафедра тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства і вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору.
З матэрыяламі, сабранымі ўдзельнікамі форума, можна азнаёміцца па спасылцы: (https://drive.google.com/drive/u/2/folders/1qvETUXoX3wQGDP_YXYIBsESH5r69adar)
У форуме ўзялі ўдзел выкладчыкі-фалькларысты кафедры і студэнты спецыяльнасцей «Беларуская філалогія», «Руская філалогія» і «Славянская філалогія» філалагічнага факультэта БДУ (усяго 82 удзельніка), у тым ліку замежныя студэнты спецыяльнасці «Руская філалогія» (16 удзельнікаў).
На форум былі прадстаўлены работы, падрыхтаваныя пад кіраўніцтвам к.ф.н., дацэнтаў Вольгі Прыемка, Таццяны Марозавай, Эллы Дзюкавай, Таццяны Лук’янавай, к.ф.н. Славяны Шамякінай і выкладчыка Ганны Альшэўскай. Студэнты размяшчалі выступленні ў папках з прозвішчам свайго кіраўніка, а абмеркаванне выступленняў праходзіла ў агульнай секцыі, каб усе ўдзельнікі маглі пазнаёміцца з работамі адзін аднаго. Па кожнай рабоце навуковыя кіраўнікі пакінулі свае водгукі. У сваю чаргу ўсім удзельнікам была дадзена магчымасць размясціць свае каментарыі адносна прац, якія найбольш спадабаліся.
Знаёмства з дакладамі паказала, што студэнты пасля праходжання практыкі атрымалі важны жыццёвы вопыт. Яны шчыра дзякавалі ўніверсітэту і факультэту за фальклорную практыку, якая дала ім магчымасць лепш пазнаць сябе і сваю малую радзіму, навучыцца весці размову з незнаёмымі людзьмі розных пакаленняў. Самым дзіўным для іх стала простае, але знакавае адкрыццё: фальклор жыве вакол нас! Трэба толькі ўмець яго бачыць, заўважаць.
Вынікам правядзення мерапрыемства стала асэнсаванне традыцый і новых тэндэнцый у галіне збору фальклорных твораў, абмеркаванне актуальных пытанняў, звязаных з палявымі вучэбнымі практыкамі, абмен набытым пасля практыкі вопытам.


BY

