Студэнтка 3 курса спецыяльнасці «Руская філалогія» Ганна Несцер і магістрантка 2 года навучання спецыяльнасці «Мовазнаўства» Дар’я Вячэрка сталі пераможцамі міжнароднага конкурсу «Руская мова: мая формула поспеху», арганізаванага Паўночна-Каўказскім федэральным універсітэтам пры падтрымцы Россупрацоўніцтва. Умовы конкурсу прадугледжвалі падрыхтоўку відэапраектаў, якія раскрываюць бачанне іх аўтарамі аптымальных метадаў і форм выкладання рускай мовы ў сучасным полікультурным свеце. Работы Ганны Несцер і Дар’і Вячэркі былі высока ацэнены журы, і дзяўчаты атрымалі запрашэнне да ўдзелу ў рабоце Школы маладога лідара для студэнтаў ВНУ Беларусі, Кыргызстана, Таджыкістана і Арменіі ў Ерэване.
Заняткі праводзіліся на базе Армянскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Хачатура Абавяна з 12 па 16 снежня 2022 года. У рамках Школы маладога лідара дзяўчаты даведаліся шмат новага аб вядучых тэндэнцыях у выкладанні рускай мовы як замежнай і аб праектнай дзейнасці, прайшлі шэраг майстар-класаў, пазнаёміліся з таленавітай моладдзю з іншых краін.
Дар’я Вячэрка: «У Арменіі я ўпершыню. Ерэван – вельмі прыгожы горад. Мне спадабалася гасціннасць мясцовых жыхароў: усе ўсміхаюцца, заўсёды гатовы дапамагчы. Мне прыйшліся па душы трэнінгі, якія паднімаюць настрой, падвышаюць матывацыю да дзеянняў. І хаця мы прадстаўляем розныя нацыянальнасці, розныя рэлігіі, усё роўна можам быць разам. Нас усіх аб’яднала рускае слова».
Ганна Несцер: «Паездку адзначылі невымоўны каларыт Арменіі і шчырая сяброўская атмасфера, якая панавала на ўсіх этапах. Сардэчна дзякуем боку, які нас прымаў, арганізатарам і Россупрацоўніцтву за садзейнічанне ў раскрыцці патэнцыялу і неверагодныя ўражанні!»





BY

