24 лютага 2023 года на філалагічным факультэце БДУ адбыўся вечар паэзіі і раманса «Душа поет о Вечном…». Мерапрыемства было падрыхтавана кафедрай рускай літаратуры з удзелам прафесійных музыкантаў, выкладчыкаў Рэспубліканскай гiмназii-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі – Валерыя Майсеенкі (вакал) і Таццяны Котавай (фартэпіяна).
Адкрыла канцэрт узвышаная музыка С. В.Рахманінава, 150-годдзе якога адзначае сёлета ўвесь культурны свет. Затым былі выкананы рамансы на вершы А. С. Пушкіна, М. Ю. Лермантава, А. К. Талстога, А. М. Пляшчэева, І. А. Буніна. У перапынках паміж музычнымі нумарамі гучалі духоўныя вершы сучаснай беларускай паэткі Алены Сіманавай. Мадэратарам сустрэчы выступіла загадчык кафедры рускай літаратуры Людміла Аўдзейчык. Мерапрыемства наведала больш за сто слухачоў, сярод якіх былi студэнты, аспіранты, выкладчыкі, госці філалагічнага факультэта, а таксама група навучэнцаў і педагогаў з Юрыдычнага каледжа БДУ.
Канцэрт стаў добрай нагодай, каб праз пагружэнне ў выдатную класічную музыку і паэзію звярнуцца да думак аб галоўным, аб высокім і непераходзячым.




BY

