9 сакавіка 2023 года для студэнтаў 1 курса спецыяльнасці «Славянская філалогія» філалагічнага факультэта БДУ была арганізавана экскурсія ў вучэбна-навуковую лабараторыю беларускага фальклору кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства. Лабараторыя напрыканцы 2022 года пераехала ў новы корпус на вуліцы Даўгабродская, 20, і студэнты сталі яе першымі наведвальнікамі пасля пераезду. Арганізатарамі экскурсіі выступілі супрацоўнікі лабараторыі і фалькларысты кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства.
Загадчык лабараторыі Вера Дзянісенка расказала студэнтам пра архівы, на аснове якіх былі сфарміраваны Фонд фальклорных матэрыялаў і Эталонны фалькларыстычны мультымедыйны банк, змешчаны ў Электроннай бібліятэцы БДУ, а таксама пра задачы і напрамкі дзейнасці лабараторыі, асаблівасці арганізацыі вучэбна-метадычнай, навуковай і архіўнай працы, падкрэсліла практычную значнасць, запатрабаванасць і навуковую каштоўнасць справаздач па выніках праходжання студэнтамі фальклорнай практыкі.
Дацэнт кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства Вольга Прыемка пазнаёміла першакурснікаў з гісторыяй станаўлення фалькларыстычнай школы БДУ і напрамкамі яе дзейнасці, асноўнымі профільнымі навуковымі і метадычнымі выданнямі, а таксама з фундаментальнымі даследаваннямі, якія выконваліся на аснове архіўных матэрыялаў лабараторыі. Асобна Вольга Прыемка спынілася на працы студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі «Фалькларыстыка» і запрасіла зацікаўленых да паглыбленага вывучэння фальклору.
Падчас мерапрыемства студэнты атрымалі магчымасць пазнаёміцца з фальклорна-этнаграфічнымі матэрыяламі, якія запісваліся першакурснікамі філалагічнага факультэта падчас фальклорных практык з 60-х гадоў мінулага стагоддзя да сённяшняга часу.





BY

