Школа юнага пісьменніка ХХІ стагоддзя ізноў сабрала сваіх сяброў 18 лістапада 2023 г. Акадэмічна, але весела прайшоў трэнінг па аналізе мастацкага тэксту ў жанры сучаснага рамана. Навучэнцы школы разам з кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам Ладай Алейнік раскрылі адмысловыя хібы ў абыходжанні раманіста з мастацкім словам: знайшлі таўталогіі і абсурдызмы, маўленчыя штампы і алагізмы, лексічную неадпаведнасць або збыткоўнасць, кантамінацыю фразеалагізмаў. Пасля на кафедры гісторыі беларускай літаратуры адбылося шчырае сумоўе на тэму ўласнага мастацкага свету.
Юныя творцы пацвердзілі, што ён зусім пэўна структуруецца нават у няўлоўна-духоўным вымярэнні. Гэтую частку заняткаў правялі аспірант кафедры Кацярына Крыцук-Тарасава і філолаг-валанцёр Аўгіння Маслава. Курыравала праграму лістападаўскага пасяджэння школы прафесар Людміла Сінькова.