Вечарына “Мелодыя сэрца” адбылася 20 лістапада 2023 г. на філалагічным факультэце – да 75-годдзя з дня нараджэння паэтэсы Яўгеніі Янішчыц. Выкладчыкі і студэнты падтрымалі выступленне гасцей з творчага аб’яднання “КЛУмБа” пры Фундаментальнай бібліятэцы БДУ: Кацярыны Роўда, Таццяны Купрыянец, Кацярыны Стройлавай, Марыі Шкляр, Паліны Барташэвіч.
Студэнт гістарычнага факультэта БДУ Аляксандр Коваль падзяліўся натхнёнымі словамі пра выдатную паэтэсу, якую памятаюць у родных мясцінах. Ён прадставіў прысутным Любоў Пятроўну Крыльчук, сваю настаўніцу беларускай мовы і літаратуры, якая прыехала на вечарыну з Пінска. Педагог прывезла на сустрэчу відэафільм пра Яўгенію Янішчыц, які зрабіла з навучэнцамі Пінскага аўтамеханічнага каледжа. Любоў Пятроўна падарыла мінчанам вышыўку, апетую Яўгеніяй Янішчыц, палескія сурвэткі і посуд, зачаравала прысутных сваёй сардэчнасцю. Навучэнцы Мінскага механіка-тэхналагічнага каледжа, якія завіталі на вечарыну па абвестцы ў СМІ, падтрымалі свята чытаннем славутага верша “Ты пакліч мяне. Пазаві…”