Напярэдадні Міжнароднага дня пажылых людзей (1 кастрычніка) у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна горада Мінска (вул. Маякоўскага, 164) 3 кастрычніка пабывалі студэнты філалагічнага факультэта Руцкая Марыя, Швец Таццяна (2 курс), Грышчэня Ганна, Таболіч Аліна, Сыч Ксенія (1 курс), якія пад кіраўніцтвам куратара дацэнта кафедры беларускага мовазнаўства Наталлі Уладзіміраўны Чарнаброўкінай прынялі ўдзел у правядзенні заняткаў для пажылых людзей. Наталля Уладзіміраўна ўжо не першы год разам са студэнтамі-валанцёрамі рэгулярна наведвае гэты цэнтр і расказвае зацікаўленым слухачам пра беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, іх творчасць, беларускую мову, вучыць граматна пісаць па-беларуску.
Пажылыя ўдзельнікі сустрэчы атрымалі не толькі філалагічныя веды, але і магчымасць паразмаўляць з моладдзю, а студэнты – разуменне таго, што старасць можа быць актыўнай, насычанай і годнай.
Запрашаем на нашы сустрэчы студэнтаў філалагічнага факультэта!