Сэрвісы

Прэзентацыя юбілейнага нумара "Роднага слова"

Прэзентацыя юбілейнага нумара "Роднага слова"

 У межах святкавання 85-годдзя з дня заснавання філалагічнага факультэта 28 лістапада адбылася прэзентацыя ўнікальнага выпуску часопіса «Роднае слова», усе матэрыялы якога падрыхтаваны выпускнікамі  філфака.

Дэкан філалагічнага факультэта С.А. Важнік выказаў глыбокую ўдзячнасць калектыву часопіса «Роднае слова» за шматгадовае плённае супрацоўніцтва, якое стварыла шырокія магчымасці для правядзення сумеснай навукова-даследчай работы. Адзначыўшы высокі ўзровень прафесіяналізму супрацоўнікаў часопіса, дэкан пажадаў ім творчых поспехаў, эфектыўнай працы, нязгаснай энергіі ў дасягненні пастаўленых мэтаў і выказаў спадзяванне, што даўнія сяброўскія сувязі паміж факультэтам і рэдакцыяй часопіса будуць працягвацца і пашырацца.

Па словах галоўнага радактара часопіса, выпускніцы філалагічнага факультэта Наталлі Мікалаеўны Шапран, тэма супрацоўніцтва з філалагічнай супольнасцю ніколі не пакідала старонак «Роднага слова» з самага пачатку яго існавання.

Спецыяльны выпуск часопіса дае магчымасць рэдакцыі прадэманстраваць шырокаму колу чытачоў актуальныя аспекты філалагічных даследаванняў. Наталля Шапран адзначыла, што ў выніку атрымаўся не проста зборнік навуковых даследаванняў. Нумар не толькі знаёміць з самымі надзённымі і цікавымі публікацыямі, прысвечанымі сучаснай гуманітарыстыцы, але і з’яўляецца сведчаннем высокай павагі да Настаўнікаў – выкладчыкаў, працы якіх фарміравалі светапогляд сучаснага філолага. Шэраг публікацый, ажыццёўленых у часопісе і электронным дадатку да яго – значны ўнёсак у скарбніцу матэрыялаў, прысвечаных папулярызацыі навуковай і творчай дзейнасці філалагічнага факультэта. «Роднае слова» нязменна застаецца адной з найважнейшых інфармацыйных крыніц у галіне беларускай філалогіі і методыкі выкладання беларускай мовы і літаратуры, што з’яўляецца важным кампанентам рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі, скіраванай на захаванне і папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны.

Спікерамі прэзентацыі выступілі аўтары, чые артыкулы ўвасобілі названую тэматыку спецыяльнага нумара.

Доктар філалагічных навук прафесар Мікалай Рыгоравіч Прыгодзіч адзначыў, што з самых даўніх часоў прафесія філолага была і застаецца адной з самых важных і запатрабаваных. Бо філолаг – гэта асаблівая прафесія, і выбірае яна асаблівых людзей. Выступоўца прывёў цікавыя ўспаміны пра Я.М. Камароўскага, Е.С. Мяцельскую, У.М. Лазоўскага, якія былі філолагамі не толькі па прафесіі, але і па стане душы, паводле ладу жыцця. Побач са сваімі студэнтамі яны забывалі пра свой настрой і свой узрост: ідучы па шляху ведаў, радаваліся і засмучаліся разам са сваімі вучнямі , дапамагалі ім пераадольваць цяжкасці. 

Вядомы беларускі журналіст, пісьменнік, філолаг, літаратуразнавец, лаўрэат Прэміі імя Алеся Адамовіча, выпускнік філалагічнага факультэта Сяргей Уладзіміравіч Шапран за 15 гадоў сабраў унікальную калекцыю цікавых, кур’ёзных, анекдатычных сітуацый з жыцця вядомых беларускіх пісьменнікаў, паэтаў мастакоў. Гістарычныя анекдоты і ілюстрацыі, прадэманстраваныя ім, чытаюцца і ўспрымаюцца на адным дыханні. У афармленні нумара часопіса, прысвечанага юбілею нашага факультэта, выкарыстаны шаржы беларускага мастака Кастуся Куксо.

Сяргей Шапран заклікаў прысутных зрабіць уласныя адкрыцці і паглядзець на класікаў іншымі вачыма. Якуб Колас, Янка Купала, Змітрок Бядуля, Янка Маўр, Кандрат Крапіва і многія іншыя літаратары, пададзеныя праз прызму “несур’ёзнага” жанру, успрымаюцца сёння з добрай і цёплай усмешкай.

Удала і дарэчна працытаваўшы эпіграму аўтарства Арнольда Міхневіча, прысвечаную дэкану філалагічнага факультэта С.А Важніку, Наталля Шапран перадала слова колішняй аспірантцы прафесара, а сёння – дацэнту кафедры беларускага мовазнаўства Юліі Віктараўне Назаранка, якая распавяла аб незвычайным пачуцці гумару свайго навуковага кіраўніка, яго рознабаковых літаратурных талентах перакладчыка, паэта і майстра эпіграмы, з плёнам якіх можна азнаёміцца ў артыкуле «Паэтычнае слова Арнольда Міхневіча».

Заключнае слова ўзяў намеснік дэкана на грамадскіх пачатках па вучэбнай рабоце і адукацыйных інавацыях М.М. Хмяльніцкі, які падрыхтаваў для юбілейнага нумара матэрыял пра Нобелеўскую лаўрэатку ў галіне літаратуры (1996 г.) Віславу Шымборску, прапанаваў інтэрпрэтацыю яе верша «Дзень нараджэння» і пераклад твора на беларускую мову. Мікалай Мікалаевіч яшчэ раз цёпла павіншаваў родны факультэт, выказаў упэўненасць у зацікаўленасці да публікацый часопіса, якія, дзякуючы намаганням адданых роднаму слову прафесіяналаў з’яўляюцца сапраўдным гуманітарным скарбам, заклікаў студэнтаў цікавіцца навуковымі інтарэсамі сваіх калег і выкладчыкаў.

fhgyhtrfjytfjuytjuj_1.jpg

fhgyhtrfjytfjuytjuj_2.jpg

fhgyhtrfjytfjuytjuj_3.jpg

fhgyhtrfjytfjuytjuj_4.jpg

fhgyhtrfjytfjuytjuj_5.jpg

Image

Рэсурсы

Image
Image