08.01.2025 ў рамках прафесійнага выхавання моладзі старшым выкладчыкам кафедры германскага мовазнаўства С.Э. Бабок на базе ДУА “Сярэдняя школа №73 г. Мінска ім. М.Ф. Шмырова” для студэнтаў IV курса спецыяльнасці “Рамана-германская (нямецкая) філалогія” быў арганізаваны семінар на тэму “Праца настаўніка замежнай мовы ў рэаліях сучаснай школы”. Мэта мерапрыемства – падрыхтоўка студэнтаў да педагагічнай дзейнасці ў перыяд пераддыпломнай практыкі. У якасці вядучых мерапрыемства выступілі намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Н.Д. Лугаўская і настаўнік нямецкай мовы вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі М.М. Полаўцаў. У працэсе працы вопытныя педагогі дэталёва расказалі студэнтам пра нарматыўна-прававое забяспячэнне вучэбнага прадмета “Замежная мова (нямецкая)”, прааналізавалі структуру актуальных планаў-канспектаў урокаў у розных класах, а таксама падзяліліся некаторымі сакрэтамі арганізацыіі пэўных відаў навучальнай дзейнасці. Асаблівая ўвага была нададзена ацэнцы вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў і правілам запаўнення класнага журнала. Семінар прайшоў у фармаце актыўнага дыялога паміж настаўнікамі і студэнтамі. Будучыя практыканты атрымалі адказы на ўсе пытанні, якія іх хвалявалі. У канцы мерапрыемства студэнты падзякавалі настаўнікам і адзначылі, што атрыманая інфармацыя будзе сапраўды актуальнай і карыснай для іх будучай педагагічнай дзейнасці.




BY

