Да Дня беларускай навукі на філалагічным факультэце падрыхтавана больш за 20 навукова-практычных мерапрыемстваў, у тым ліку з міжнародным удзелам: пасяджэнні круглых сталоў, навуковых і навукова-метадычных семінараў, прысвечаных актуальным пытанням мовазнаўства, літаратуразнаўства і методыкі выкладання філалагічных дысцыплін, выставы навуковых і вучэбна-метадычных прац выкладчыкаў факультэта, майстар-класы па метадалогіі навуковай дзейнасці для студэнтаў і аспірантаў, а таксама пазнавальныя мерапрыемствы для замежных студэнтаў.
У рамках Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Беларускім дзяржаўным універсітэтам і Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэтам кафедрай германскага мовазнаўства БДУ і кафедрай англійскай філалогіі і перакладу СПБДУ запланаваны цыкл анлайн-мерапрыемстваў. Тэматыка першага ўключэння з Санкт-Пецярбургам (10.01.2025) – «Напрамкі навуковых даследаванняў кафедры германскага мовазнаўства БДУ і кафедры англійскай філалогіі і перакладу СПбДУ: магчымасці сумесных даследаванняў». (падрабязней) Далей адбудзуцца чатыры навукова-метадычныя семінары: «Асноўныя віды вуснага перакладу. Методыка выкладання паслядоўнага і сінхроннага перакладу (conference interpreting)» – 20.01.2025, «Вусны пераклад: дадатковыя навыкі (перакладчыцкі хуткапіс, прымяненне этычных кодэксаў, падрыхтоўка да перакладчыцкай замовы, складанне гласарыяў і інш.)» – 21.01.2025, «Сацыяльна-суправаджальны пераклад (community interpreting): юрыдычны аспект» – 27.01.2025, «Суправаджальны пераклад у медыцынскіх установах» – 28.01.2025.
Кафедра рускай мовы арганізуе круглы стол «Дзяржаўныя мовы Рэспублікі Беларусь. Акадэмічныя выданні як навуковае і практычнае забеспячэнне парытэтнага выкарыстання і бесканфліктнага функцыянавання беларускай і рускай моў у сучасным грамадстве», у межах якога выкладчыкі філалагічнага факультэта і супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі абмяркуюць пытанні выдавецкай дзейнасці.
На кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства адбудзецца навуковы семінар “Семіятычнае кадзіраванне ў мастацкім тэксце: наратывы беларускіх пісьменнікаў”. Будзе абмеркавана развіццё семіётыкі ў літаратуразнаўчых даследаваннях, у актуальным асвятленні паўстануць творы тых пісьменнікаў, чые набыткі зрабіліся матэрыялам дысертацыйных прац старэйшага і малодшага пакаленняў філолагаў БДУ.
Кафедра класічнай філалогіі на пасяджэнні міжуніверсітэцкага круглага стала «Класічныя мовы і антычная культура: рэцэпцыя, методыка выкладання» прапануе да абмеркавання пытанні рэцэпцыі антычнай спадчыны ў рускай і беларускай культуры, а таксама методыкі выкладання класічных моў у ВНУ і каледжах рознай накіраванасці.
Кафедра кітайскай філалогіі плануе правесці круглы стол «Літаратуразнаўчая кітаістыка на філалагічным факультэце: гісторыя і перспектывы развіцця», прысвечаны абмеркаванню пытанняў станаўлення і развіцця літаратуразнаўчай кітаістыкі на філалагічным факультэце БДУ, а таксама перспектыўных напрамкаў даследавання кітайскай літаратуры ў айчынным навуковым дыскурсе і інш.
Публічная лекцыя доктара філалагічных навук, прафесара М. Р. Прыгодзіча «Беларускае пісьменства: ад старажытнасці да нашых дзён» адбудзецца 22 студзеня; гаворка пойдзе пра сучасны стан беларускай мовы – дзяржаўнай мовы беларускага народа, дзяржаўнай мовы нашай краіны і мовы тытульнай нацыі.
Актуальныя пытанні міжкультурнай камунікацыі і педагагічнага майстэрства будуць абмяркоўвацца за круглым сталом навуковых студэнцкіх аб'яднанняў кафедры раманскага мовазнаўства: удзельнікі студэнцкіх навуковых гурткоў «Творчая майстэрня перакладчыка», «Літара», «Майстэрня перакладу» сканцэнтруюць увагу на характары заканамернасцей лінгвістычнага аналізу розных тыпаў дыскурс-аналізу, а таксама тэорыі перакладу; пасяджэнне СНДЛ «Лабараторыя педагагічнага майстэрства» будзе прысвечана распрацоўцы ўрока замежнай мовы па тэме «Знакамітыя людзі Беларусі: Уладзімір Караткевіч і яго спадчына».
Круглы стол «Актуальныя праблемы даследавання і выкладання рускай літаратуры - 2024» праводзіць кафедра рускай літаратуры. На навукова-практычны семінар «Інавацыі ў выкладанні філалагічных дысцыплін» запрашае кафедра рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры. Пасяджэнне дыскусійнага клуба кафедры тэорыі і методыкі выкладання рускай мовы як замежнай прысвечана праблемам развіцця стратэгічнай лінгвадыдактыкі.
Для замежных студэнтаў кафедра прыкладной лінгвістыкі арганізуе экскурсію-віктарыну «Святкуем Дзень навукі»: студэнты наведаюць аддзел рэдкай кнігі і падрыхтаваную да Дня навукі кніжную выставу ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі, пазнаёмяцца з дасягненнямі сучаснай беларускай навукі, структурай навуковых цэнтраў і інш.
Замежныя студэнты таксама запрошаны на інтэрв'ю з вучоным: доктар філалагічных навук, прафесар І. С. Роўда раскажа пра таямніцы філалогіі, беларускіх вучоных-філолагаў і даследчую дзейнасць у галіне русістыкі.
Навукоўцы кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства падзеляцца са студэнтамі, магістрантамі, аспірантамі вопытам падрыхтоўкі навуковых работ і напісання дысертацый на навукова-метадычным семінары «Першыя крокі ў навуку».
Кафедра замежнай літаратуры праводзіць «Аспіранцкі марафон: канцэпцыі, тэзы, дыскусіі», на якім 21 і 22 студзеня будуць абмяркоўвацца вынікі даследаванняў маладых вучоных падчас працы секцый: «Катэгорыя жанру на розных этапах літаратурнага працэсу», «Кампаратыўныя даследаванні у сучасным літаратуразнаўстве».
Філалагічны факультэт запрашае да ўдзелу ў навукова-практычных мерапрыемствах, прысвечаных Дню беларускай навукі - 2024!
Больш падрабязна з праграмай мерапрыемстваў можна азнаёміцца тут.


BY

