Сэрвісы

Мерапрыемствы да Дня беларускай навукі

Мерапрыемствы да Дня беларускай навукі

Да Дня беларускай навукі на філалагічным факультэце падрыхтавана больш за 20 навукова-практычных мерапрыемстваў, у тым ліку з міжнародным удзелам: пасяджэнні круглых сталоў, навуковых і навукова-метадычных семінараў, прысвечаных актуальным пытанням мовазнаўства, літаратуразнаўства і методыкі выкладання філалагічных дысцыплін, выставы навуковых і вучэбна-метадычных прац выкладчыкаў факультэта, майстар-класы па метадалогіі навуковай дзейнасці для студэнтаў і аспірантаў, а таксама пазнавальныя мерапрыемствы для замежных студэнтаў.

У рамках Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Беларускім дзяржаўным універсітэтам і Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэтам кафедрай германскага мовазнаўства БДУ і кафедрай англійскай філалогіі і перакладу СПБДУ запланаваны цыкл анлайн-мерапрыемстваў. Тэматыка першага ўключэння з Санкт-Пецярбургам (10.01.2025) – «Напрамкі навуковых даследаванняў кафедры германскага мовазнаўства БДУ і кафедры англійскай філалогіі і перакладу СПбДУ: магчымасці сумесных даследаванняў». (падрабязней) Далей адбудзуцца чатыры навукова-метадычныя семінары: «Асноўныя віды вуснага перакладу. Методыка выкладання паслядоўнага і сінхроннага перакладу (conference interpreting)» – 20.01.2025, «Вусны пераклад: дадатковыя навыкі (перакладчыцкі хуткапіс, прымяненне этычных кодэксаў, падрыхтоўка да перакладчыцкай замовы, складанне гласарыяў і інш.)» – 21.01.2025, «Сацыяльна-суправаджальны пераклад (community interpreting): юрыдычны аспект» – 27.01.2025, «Суправаджальны пераклад у медыцынскіх установах» – 28.01.2025.

 Кафедра рускай мовы арганізуе круглы стол «Дзяржаўныя мовы Рэспублікі Беларусь. Акадэмічныя выданні як навуковае і практычнае забеспячэнне парытэтнага выкарыстання і бесканфліктнага функцыянавання беларускай і рускай моў у сучасным грамадстве», у межах якога выкладчыкі філалагічнага факультэта і супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі абмяркуюць пытанні выдавецкай дзейнасці.

На кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства адбудзецца навуковы семінар  “Семіятычнае кадзіраванне ў мастацкім тэксце: наратывы беларускіх пісьменнікаў”. Будзе абмеркавана развіццё семіётыкі ў літаратуразнаўчых  даследаваннях,  у актуальным асвятленні паўстануць творы тых пісьменнікаў, чые набыткі  зрабіліся матэрыялам дысертацыйных прац старэйшага і малодшага пакаленняў  філолагаў БДУ.

Кафедра класічнай філалогіі на пасяджэнні міжуніверсітэцкага круглага стала «Класічныя мовы і антычная культура: рэцэпцыя, методыка выкладання» прапануе да абмеркавання пытанні рэцэпцыі антычнай спадчыны ў рускай і беларускай культуры, а таксама методыкі выкладання класічных моў у ВНУ і каледжах рознай накіраванасці.

Кафедра кітайскай філалогіі плануе правесці круглы стол «Літаратуразнаўчая кітаістыка на філалагічным факультэце: гісторыя і перспектывы развіцця», прысвечаны абмеркаванню пытанняў станаўлення і развіцця літаратуразнаўчай кітаістыкі на філалагічным факультэце БДУ, а таксама перспектыўных напрамкаў даследавання кітайскай літаратуры ў айчынным навуковым дыскурсе і інш.

Публічная лекцыя доктара філалагічных навук, прафесара М. Р. Прыгодзіча «Беларускае пісьменства: ад старажытнасці да нашых дзён» адбудзецца 22 студзеня; гаворка пойдзе пра сучасны стан беларускай мовы – дзяржаўнай мовы беларускага народа, дзяржаўнай мовы нашай краіны і мовы тытульнай нацыі.

Актуальныя пытанні міжкультурнай камунікацыі і педагагічнага майстэрства будуць абмяркоўвацца за круглым сталом навуковых студэнцкіх аб'яднанняў кафедры раманскага мовазнаўства: удзельнікі студэнцкіх навуковых гурткоў «Творчая майстэрня перакладчыка», «Літара», «Майстэрня перакладу» сканцэнтруюць увагу на характары заканамернасцей лінгвістычнага аналізу розных тыпаў дыскурс-аналізу, а таксама тэорыі перакладу; пасяджэнне СНДЛ «Лабараторыя педагагічнага майстэрства» будзе прысвечана распрацоўцы ўрока замежнай мовы па тэме «Знакамітыя людзі Беларусі: Уладзімір Караткевіч і яго спадчына».

Круглы стол «Актуальныя праблемы даследавання і выкладання рускай літаратуры - 2024» праводзіць кафедра рускай літаратуры. На навукова-практычны семінар «Інавацыі ў выкладанні філалагічных дысцыплін» запрашае кафедра рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры. Пасяджэнне дыскусійнага клуба кафедры тэорыі і методыкі выкладання рускай мовы як замежнай прысвечана праблемам развіцця стратэгічнай лінгвадыдактыкі.

Для замежных студэнтаў кафедра прыкладной лінгвістыкі арганізуе экскурсію-віктарыну «Святкуем Дзень навукі»: студэнты наведаюць аддзел рэдкай кнігі і падрыхтаваную да Дня навукі кніжную выставу ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі, пазнаёмяцца з дасягненнямі сучаснай беларускай навукі, структурай навуковых цэнтраў і інш.

Замежныя студэнты таксама запрошаны на інтэрв'ю з вучоным: доктар філалагічных навук, прафесар І. С. Роўда раскажа пра таямніцы філалогіі, беларускіх вучоных-філолагаў і даследчую дзейнасць у галіне русістыкі.

Навукоўцы кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства падзеляцца са студэнтамі, магістрантамі, аспірантамі вопытам падрыхтоўкі навуковых работ і напісання дысертацый на навукова-метадычным семінары «Першыя крокі ў навуку».

Кафедра замежнай літаратуры праводзіць «Аспіранцкі марафон: канцэпцыі, тэзы, дыскусіі», на якім 21 і 22 студзеня будуць абмяркоўвацца вынікі даследаванняў маладых вучоных падчас працы секцый: «Катэгорыя жанру на розных этапах літаратурнага працэсу», «Кампаратыўныя даследаванні у сучасным літаратуразнаўстве».

Філалагічны факультэт запрашае да ўдзелу ў навукова-практычных мерапрыемствах, прысвечаных Дню беларускай навукі - 2024!

Больш падрабязна з праграмай мерапрыемстваў можна азнаёміцца тут.

Image

Рэсурсы

Image
Image
Наш сайт использует файлы cookie

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики. Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.