Па выніках штогадовага конкурсу Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь на лепшую кандыдацкую дысертацыю ў галіне гуманітарных навук (былі апублікаваны 30.12.2024) статус пераможцы і дыплом лаўрэата атрымаў Антон Станіслававіч Папоў, аўтар работы «Ідэйна-філасофская канцэптуальнасць твораў Алеся Адамовіча 1980-1990-х гадоў у кантэксце замежнай літаратуры». Дысертацыя выканана пад кіраўніцтвам доктара філалагічных навук, прафесара Зоі Пятроўны Мельнікавай (Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна).
Абарона адбылася ў савеце Д 02.01.12 на філалагічным факультэце БДУ, дзе вучыўся Алесь Адамовіч – сусветна вядомы беларускі пісьменнік, інтэлектуал і грамадскі дзеяч, член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР.
У 1945 – 1950 гг. Алесь Адамовіч быў студэнтам-філолагам, у аспірантуру паступіў таксама ў БДУ, і ўжо ў 1953 г. абараніў сваю кандыдацкую дысертацыю – пра творчасць Кузьмы Чорнага, з чым заняў трывалае месца ў літаратуразнаўчай навуцы. Да 1954 г. Аляксандр Міхайлавіч Адамовіч працаваў на кафедры беларускай літаратуры філалагічнага факультэта.
Адзначаная ў ВАК работа А. С. Папова – першае ў суверэннай Рэспубліцы Беларусь манаграфічнае навуковае даследаванне, якое цалкам прысвечана рознажанравай прозе Алеся Адамовіча, створанай на зыходзе ХХ стагоддзя.


BY

