22 студзеня 2025 г. на філалагічным факультэце БДУ прайшло пасяджэнне Міжуніверсітэцкага круглага стала «Класічныя мовы і антычная культура: рэцэпцыя, методыка выкладання», арганізаванага кафедрай класічнай філалогіі і прысвечанага Дню беларускай навукі.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел выкладчыкі класічных моў і студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Петразаводскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Інстытута замежных моў РДПУ ім. А.І. Герцэна (Санкт-Пецярбург).
У пачатку пасяджэння ўдзельнікі Круглага стала ўшанавалі памяць выдатнага філолага-класіка, які 25 гадоў узначальваў кафедру лацінскай мовы БДМУ Андрэя Зіноўевіча Цысыка (1945–2024).
Метадычным аспектам выкладання лацінскай мовы ў медыцынскай ВНУ былі прысвечаныя даклады старшага выкладчыка кафедры лацінскай мовы БДМУ Макрыцкай Таццяны Пятроўны і выкладчыкаў Ярмоленка Крысціны Дзмітрыеўны і Сянько Крысціны Віктараўны. Выкарыстанне лексічных трэнажораў пры падрыхтоўцы да заняткаў па медыцынскай латыні разглядалася ў выступленні загадчыка кафедры лацінскай мовы БДМУ Круглік Наталлі Анатольеўны. Асаблівасці перакладу са старажытнагрэчаскай і лацінскай моў абмяркоўваліся ў рамках дакладаў загадчыка кафедры класічнай філалогіі БДУ Кірычэнка Арыны Уладзіміраўны і малодшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі НАН Беларусі Ярашук Валерыі Уладзіміраўны.
Прафесар кафедры класічнай філалогіі БДУ Гарнік Антаніна Васільеўна даследавала імёны дзеючых асоб у камедыях Плаўта. Пра гісторыю паходжання і функцыянаванне вядомага лацінскага афарызма распавяла Мушчыніна Людміла Мікалаеўна, дацэнт кафедры раманскай філалогіі Інстытута замежных моў РДПУ ім. А.І. Герцэна. Латынь як сродак іроніі ў эпісталярыі рускіх пісьменнікаў разгледзела ў сваім дакладзе Скарападская Ганна Аляксандраўна, дацэнт кафедры класічнай філалогіі, рускай літаратуры і журналістыкі ПетрДУ. Праблемы словаўтварэння ў класічных і рускай мовах былі асветленыя ў навуковых даследаваннях Стрыга Кацярыны Віктараўны, дацэнта кафедры класічнай філалогіі БДУ, і Лявончык Алены Сяргееўны, выкладчыка кафедры класічнай філалогіі БДУ.
Аб інавацыйных падыходах у выкладанні класічных моў студэнтам спецыяльнасці «Класічная філалогія» БДУ гаварыў у сваім выступленні старшы выкладчык кафедры класічнай філалогіі БДУ Мінкевіч Дзмітрый Генадзьевіч. Формам выканання эўрыстычных заданняў у рамках кіраванай самастойнай работы студэнтаў прысвяціла свой даклад Пратасевіч Наталля Віктараўна, старшы выкладчык кафедры класічнай філалогіі БДУ.
Студэнты Петразаводскага дзяржаўнага ўніверсітэта Абрамава Арына, Жукава Марыя і Пятрова Міла пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры класічнай філалогіі, рускай літаратуры і журналістыкі ПетрДУ Ліцінскай Яўгеніі Пятроўны прадставілі даклад «Дыстанцыйны курс “Corpus Linguae Latinae medicinalis”».
Упершыню ў пасяджэнні Міжуніверсітэцкага круглага стала ўдзельнічалі студэнты спецыяльнасці «Класічная філалогія» БДУ Аслюк Піліп, Грыцэвіч Уладзімір, Драгун Мацвей і Котава Марыя.
Усе ўдзельнікі Круглага стала, у тым ліку і слухачы-студэнты спецыяльнасці «Рамана-германская філалогія», з вялікай цікавасцю абмяркоўвалі прапанаваныя тэмы і праблемы.








BY

